Вы тут

“Паступіць, не выходзячы з пакоя” — ЕГУ прымае абітурыентаў

Выпускнікі ЕГУ / "Фэйсбук": @EHUOfficial

“Пасля 2020 года Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт застаецца пляцоўкай, якая дапамагае беларусам працягваць ці то вучобу, ці то ўласную навуковую дзейнасць ва ўмовах акадэмічных свабодаў, без пераследу і прыгнёту”, — расказвае Еўрарадыё кіраўнік аддзела камунікацыі і развіцця ЕГУ Максімас Мілта

У канцы мінулага тыдня ў Вільні адбылася цырымонія ўручэння дыпломаў бакалаўрам і магістрам ЕГУ. Сёлета выпускнікамі вышэйшай установы сталі 115 чалавек, а за 16 гадоў працы ва ўмовах вымушанага выгнання ЕГУ з Мінска яго скончылі 2692 студэнты.

Абсалютная большасць ЕГУшнікаў, а менавіта 95 адсоткаў, — беларусы. Па выніках сацыялагічнага даследавання групы кампаній Satio, атрымаўшы еўрапейскія дыпломы, 67 адсоткаў выпускнікоў вяртаюцца працаваць на радзіму. 

“На сёння пяцёра сябраў ЕГУ застаюцца палітзняволенымі ў Беларусі, — працягвае Максімас Мілта. — Гэта Сафія Сапега, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Мікола Дзядок і Уладзімір Малахоўскі

Безумоўна, гэта не першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі да сябраў акадэмічнай супольнасці ўжываецца такі гвалт. Калі ў 2006 і 2010 гадах, таксама пасля выбараў, студэнты і выкладчыкі з беларускіх ВНУ сутыкаліся з пераследам, ЕГУ для іх станавіўся ў пэўным сэнсе акадэмічным вызваленнем. 2020 год выключэннем не стаў”.  

 

Максімас Мілта / "Фэйсбук"

Еўрарадыё: Як ЕГУ дапамагае пацярпелым падчас пратэстаў у Беларусі?

Максімас Мілта: Яшчэ у верасні мы запусцілі праграму для беларускіх студэнтаў, якія сутыкнуліся з пераследам. На цяперашні момант у ЕГУ на бакалаўраў і магістраў вучыцца больш за 80 беларусаў, якія былі пераведзеныя да нас з дзяржаўных ВНУ на працягу гэтага года. У кожнага з іх свая гісторыя: нехта быў затрыманы і правёў на Акрэсціна пэўную колькасць сутак, нехта — быў адлічаны, на кагосьці ціснулі ў дэканатах і рэктаратах. 

Варта падкрэсліць, што мы дапамагаем і беларускім даследчыкам — як навукоўцам, так і былым выкладчыкам дзяржВНУ. Агулам у нас працуюць 16 спецыялістаў, якія сутыкнуліся з прэсінгам на радзіме праз сваю грамадзянскую пазіцыю. ЕГУ прыняў іх не проста ў межах набору працаўладкавання, а менавіта дзеля таго, каб гэтыя людзі змаглі працягваць свае даследаванні. Канешне, гэта адбылося дзякуючы дапамозе нашых донараў. 

 

Еўрарадыё: Якія спецыяльнасці прапануе ЕГУ сваім абітурыентам і студэнтам?

Максімас Мілта: Да 5 ліпеня ЕГУ прымаў заяўкі ад ахвотных паступіць. Звычайна ў жніўні мы ладзім дадатковы набор.  

Сёлета ў нас 10 праграмаў, на якія вядзецца прыём: пяць бакалаўрскіх, адна — бесперапыннага навучання (калі чалавек адразу атрымлівае ступень магістра), таксама ёсць яшчэ тры магістарскія і адна доктарская.

Сярод папулярных бакалаўрскіх — “Медыя і камунікацыя”, “Візуальны дызайн”, “Еўрапейская спадчына”, таксама праграма па сусветнай палітыцы і эканоміцы. Сёлета мы ўпершыню адкрылі праграму па тэатральным мастацтве і акцёрскай ігры. Яна была распрацавана разам з Рускім драматычным тэатрам Літвы. 

Ёсць яшчэ праграма “Міжнароднае права і права ЕС”, якая якраз і дазваляе за пяць гадоў атрымаць ступень магістра, на ёй вучылася Сафія Сапега.

Ёсць тры магістарскія праграмы: “Публічная палітыка”, “Візуальная пластыка”, “Развіццё культурнай спадчыны”, а таксама доктарская праграма па філасофіі. 

Мы падалі прапановы на шэраг дадатковых новых магістарскіх праграмаў, у тым ліку — па гендарных даследаваннях. Для ЕГУ гэтая тэматыка вельмі блізкая. Яшчэ ў 1996 годзе мы заснавалі ў Мінску Цэнтр гендарных даследаванняў, які паспяхова працягвае працаваць дагэтуль.

Еўрарадыё: Як праходзяць іспыты?

Максімас Мілта: Паступленне ў ЕГУ праходзіць анлайн: можна паступіць, не выходзячы з пакоя. Для тых, хто не паспее паступіць у ліпені, звычайна ў жніўні бывае дадатковы набор. 

Калі вы выбіраеце, напрыклад, праграму па візуальным дызайне, вам, адпаведна, трэба здаць іспыт па кампазіцыі. Ён адбываецца анлайн, цягнецца пяць акадэмічных гадзінаў. Вам трэба выканаць дзве кампазіцыйныя працы па пэўных графічных умовах. Яны адпаведна ацэньваюцца. 

Таксама мы раім здаць іспыт па англійскай мове, бо ў ЕГУ на трэцім і чацвёртым курсах навучанне ў тым ліку вядзецца па-англійску. Але мы разумеем, што ёсць і тыя беларусы, якія ў школах вывучалі ў якасці асноўнай замежнай мовы нямецкую, іспанскую, французскую. Для іх ёсць магчымасць паступлення ў ЕГУ нават без здачы такіх іспытаў, але мы ўсё роўна раім. 

Таксама трэба прадставіць уласны атэстат, мы глядзім сярэдні бал абітурыентаў. Ён павінен быць не ніжэйшы за 7.0. 

Самая важная частка іспытаў — матывацыйнае сумоўе.

Тут трэба разумець, што гэта не ідэалагічнае сумоўе, якое існуе ў Беларусі пры паступленні на пэўныя спецыяльнасці, а наадварот. Мы хочам зразумець, што вас матывуе, кім бачыце сябе ў будучыні, якія праекты мяркуеце выканаць у ЕГУ і як мы можам вам дапамагчы. Яшчэ цікава, што на праграме па акцёрскай ігры трэба здаць іспыт па мастацкім выкананні — і гэта таксама анлайн.

Еўрарадыё: Навучанне ў ЕГУ платнае, але ж не кожны студэнт, які трапіў пад рэпрэсіі, мае грошы, каб плаціць за адукацыю. Што рабіць?

Максімас Мілта: У ЕГУ дагэтуль ёсць досыць шырокія магчымасці па падтрымцы такіх людзей. Калі вы студэнт, выкладчык ці даследчык і сутыкнуліся з рэпрэсіямі, калі ласка, звяртайцеся да нас. Мы досыць аператыўна рэагуем на кожны з такіх выпадкаў. 

Як правіла, існуе магчымасць бясплатнага навучання такіх асобаў. Паўтаруся: калі вы выкладчык ці даследчык, у ЕГУ ёсць магчымасці прыняць вас і знайсці рэсурсы, якія падтрымаюць вашыя даследаванні.

Еўрарадыё: А колькі каштуе адукацыя ў ЕГУ? 

Максімас Мілта: Што да агульных правілаў прыёму, у ЕГУ беларусы плацяць менш за іншых замежных студэнтаў. 

Навучанне на бакалаўрыяце, напрыклад, на праграме “Еўрапейская спадчына” для беларусаў складае 1200 еўра ў семестр (за год — 2400) . Гэта тычыцца сталай формы навучання, якую на радзіме называюць дзённай. 

Калі мы кажам пра працяглую (завочную) форму, яна каштуе прыкладна 850 еўра ў семестр (у год — 1700). 

Магістарскія праграмы ў сярэднім каштуюць каля 3000 еўра ў год. Што да дактарантуры, такое навучанне каштуе прыблізна 1000 еўра ў год. 

Але, як правіла, беларусы, якія паступаюць у дактарантуру, атрымліваюць знешняе дадатковае фінансаванне. Людзі, якія тут вучацца, нярэдка працуюць на малодшых акадэмічных пазіцыях, дапамагаюць прафесарам і рэдка плацяць за вучобу.

Таксама беларусы ў ЕГУ могуць прэтэндаваць на атрыманне 100 або 50-працэнтнай зніжкі на пакрыццё навучання ў ЕГУ. Гэта тое, што ў Беларусі завецца грантам. 

Але гранты ў нашым універсітэце выдзяляюцца не на падставе адзнак, а менавіта на падставе творчых, акадэмічных ці сацыяльных дасягненняў, якія абітурыент ці студэнт афармляе ў партфоліа. 

Апроч таго, адзначу, што ў ЕГУ працуе сістэма стыпендыяў. Збольшага стыпендыі звязаны альбо з акадэмічнымі дасягненнямі, або з сацыяльнымі падставамі. 

Таксама ёсць шэраг імянных стыпендый: іх памер розны, звычайна складае ад 150 да 200 еўра і болей. Пра ўмовы трэба дазнавацца падчас навучання. 

Еўрарадыё: На якіх выкладчыкаў “ідуць” беларускія студэнты? 

Максімас Мілта: Цяжка знайсці абітурыента, які б не хацеў вучыцца ў Віктара Марціновіча — пісьменніка, творчасць якога знаёмая шмат якім беларусам. Хто б не хацеў вучыцца ў мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага ці ў прафесара гісторыі Ірыны Раманавай — бадай што найлепшай даследчыцы сталінскага тэрору ў Беларусі? 

Хто б не марыў вучыцца ў выдатнага беларускага актора Аляксандра Марчанкі, у мастака-дызайнера Сяргея Сялецкага? Хто б не хацеў займацца гендарнымі даследаваннямі разам з Уладзіславам Івановым ці візуальнай культурай з Альмірай Усманавай? Гэта імёны тых беларускіх дзеячаў, якія на працягу пэўнага часу пацвярджаюць уласнае спрычыненне да глабальнага акадэмічнага кантэксту ў Еўропе.

Яшчэ дадам, што навучанне ў ЕГУ звязанае з акадэмічнай мабільнасцю: студэнты карыстаюцца магчымасцю студэнцкіх абменаў. У дакаранцінныя часы каля 40-50 студэнтаў з’язджалі на адзін-два семестры ў замежныя ВНУ. 

Еўрарадыё: У канцы чэрвеня міжнародная група навукоўцаў і дзеячаў культуры заклікала палітыкаў стварыць на тэрыторыі Еўропы Усходнееўрапейскі ўніверсітэт. Там маглі б працягнуць выкладаць і атрымліваць адукацыю людзі, якія былі вымушаныя з'ехаць з Беларусі і Расіі праз рэпрэсіі ўладаў. 

Максімас Мілта: Нам падаецца, што абмежаванне права на навучанне цяжка супастаўляецца з рэаліямі ХХІ стагоддзя. Вышэйшая адукацыя — гэта адзін з наймацнейшых інструментаў сацыяльных зменаў. Менавіта таму аўтарытарныя рэжымы так баяцца незалежных акадэмічных асяроддзяў, якія працуюць згодна з прынцыпамі аўтаноміі і акадэмічных свабодаў. 

Прывяду прыклад: у Літве аўтаномія ўніверсітэтаў гарантаваная Канстытуцыяй гэтай краіны. Таму, канешне, гэта падмурак у тым ліку для грамадзянскіх супольнасцяў і іх здольнасцяў да развіцця.

Таму гэта абсалютна не дзіўна, што навукоўцы выказваюць думку, што неабходна еўрапейскім інстытуцыям надаваць больш увагі таму, што адбываецца ў цяперашнім часе. 

Вільня стала і заўжды была вельмі важным грамадскім, культурным, палітычным ды адукацыйным цэнтрам для Беларусі і не менш становіцца важным для шматлікіх актывістаў з Расіі. 

Канешне, трэба разумець што ўніверсітэт — гэта не проста палітычная заява. Універсітэт як інстытуцыя не тое, што можна стварыць па шчаўчку. 

Калі створыцца новая ўстанова, якая будзе аб’ядноўваць даследчыкаў з Усходняй Еўропы і іншых краінаў, дзе можна будзе займацца сацыяльнай праблематыкай, мы не бачым у гэтым выкліку, а наадварот. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.