Вы тут

Пасажырцы “Белавія” давялося перанесці вылет праз лішняе двукоссе

Анастасія Волахава пацярпела праз недарэчнае афармленне дакумента

Мінчанка Анастасія Волахава збіралася 7 красавіка прыляцець з Мінска ў Прагу рэйсам "Белавія". Але калі яна прыйшла ў аэрапорт — не знайшла свайго рэйса на табло. А неўзабаве высветліла, што самалёт адмянілі.

У касах “Белавія” шакаванай дзяўчыне растлумачылі: усіх пасажыраў папярэджвалі пра адмену рэйса праз імэйл-рассылку яшчэ 26 сакавіка. А "калі зваротнай сувязі ад пасажыра не было, паведамленне лічыцца дастаўленым". Але дзяўчына ліста ад “Белавіі” не атрымала. 

З аддзела кантролю бранявання “Белавія” дзяўчыне даслалі скрыншот з адрасамі, на якія пайшла рассылка. Так Волахава высветліла, што яе імэйл быў напісаны з памылкай.

 

Рассылка з памылкай у адрасе e-mail Настассі
Двайное двукоссе замест адзіночнага

Засмучаная пасажырка перанесла вылет на 9 красавіка. Ёй давялося паўторна здаваць ПЛР-тэст, бо тэрмін прыдатнасці папярэдняга ўжо выйшаў. А здаць ПЛР-тэст у Беларусі гэта сапраўдны квэст. 

Анастасія жыве і працуе ў чэшскім горадзе Брно, а ў Мінск прылятае, каб праведаць бацькоў і сустрэцца з сябрамі. Яна расказала Еўрарадыё, што гэта не першы выпадак з пераносам ці скасаваннем рэйса. Дзяўчына спрабавала высвятляць адносіны з авіякампаніяй, але кажа, што там яе прэтэнзіі ігнаруюць.

— Я звярнула ўвагу прадстаўнікоў “Белавіі” на памылку ў адрасе майго імэйла, а кампанія перастала выходзіць на сувязь. Супрацоўнікі “Белавіі” адгукнуліся толькі тады, калі я перанесла рэйс на 9 красавіка і запыталася пра пацверджанне.

У “Белавія” прызналі, што адбылася памылка. Як яе тлумачаць? Аказваецца, адрасы пасажыраў, рэйсы якіх пераносяцца, уводзяцца ў рассылку ўручную!

– Мы паведамляем кожнаму пасажыру індывідуальна. Мы робім працу ўручную: капіюем адрасы з бранявання і ўстаўляем іх у схаваную копію. Такім чынам паведамляем тысячам пасажыраў, аўтаматызацыі працэсу няма. З той прычыны, што адваротнай сувязі не было, паведамленне было палічанае дастаўленым.

Анастасія лічыць, што авіякампанія мусіць кампенсаваць нечаканыя выдаткі: амаль 100 рублёў за тэст ПЛР, 85 рублёў за дарогу да аэрапорта і назад, 15 рублёў за ўпакоўку чамадана. Агулам 200 рублёў. І гэта яшчэ без уліку маральнай шкоды.

У прэс-службе “Белавія” не змаглі даць аператыўны каментар па сітуацыі. Прадстаўнікі авіякампаніі параілі пакрыўджанай пасажырцы пакінуць пісьмовы зварот. На падставе дакументаў і скрыншотаў “Белавія” абяцае зладзіць службовае расследаванне. Яно можа доўжыцца да месяца.

Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.