Вы тут

Партнёр IKEA — літоўскі канцэрн VMG Group — спыняе бізнес у Беларусі

Прадпрыемства VMG у Магілёве​ / БЕЛТА

Літоўскі дрэваапрацоўчы канцэрн VMG Group спыняе бізнес у Беларусі. Пра гэта паведамляе BNS са спасылкай на кіраўніцтва кампаніі.

"Так, мы спынілі ўвесь свой бізнес у Беларусі", — заявіў генеральны дырэктар VMG Group Эгідыюс Моцкус. Ён нагадаў, што магілёўскі завод быў спынены раней, а цяпер прынятае рашэнне прыпыніць інвестыцыі ў віцебскі праект. Пры гэтым у кампаніі пакуль не агучваюць, як збіраюцца абысціся з беларускімі актывамі.

"Мы ўсё яшчэ абмяркоўваем", — сказаў Моцкус.

Партнёрам беларускіх праектаў VMG была Ikea. З пачаткам вайны Расіі супраць Украіны шведская кампанія абвясціла аб прыпыненні працы ў Расіі і Беларусі. На магілёўскай фабрыцы VMG Group працавалі 2 тысячы чалавек. Віцебскае прадпрыемства VMG WoodArt было заснаванае ў 2018 годзе. Інвестары меркавалі ўкласці ў праект парадку 80 млн еўра і стварыць каля 600 працоўных месцаў.  Планавалася, што на першым этапе ў 2021 годзе віцебскае прадпрыемства пачне вытворчасць тэхналагічнай дранкі і пелет. А затым асвоіць вытворчасць мэблі з масіва. У VMG Group ёсць яшчэ адно прадпрыемства ў Барысаве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.