За зняццё санкцый Лукашэнка вызваліць 25 чалавек — Коўл
Джон Коўл / president.gov.by
Сталі вядомыя вынікі перамоваў паміж Джонам Коўлам і Аляксандрам Лукашэнкам.
ЗША здымаюць санкцыі з лідскай "Лакафарбы" і дзяржаўнага канцэрна "Беллеспаперпрам". У адказ рэжым Лукашэнкі "ў якасці жэста добрай волі" вызваліць 25 чалавек. Пра гэта паведаміў спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі.
Праца амерыканскай дэлегацыі ў Беларусі на гэтым завершаная. "Гэтыя перамовы працягнуцца. Мы дасягнулі вялікага прагрэсу, з майго пункту гледжання. І мы працягнем нашу сумесную працу", — пракаментаваў Коўл.
Перад візітам у Беларусь Коўл казаў, што змог вызваліць з-за кратаў каля 800 чалавек і спадзяецца да канца года давесці лік да 1000. Многія спадзяваліся, што гэтым разам на волі акажацца каля 200 палітвязняў.