Палітолаг: Перамога на выбарах у 80% — добры вынік толькі для аўтарытарных краін

Палітолаг: Перамога на выбарах у 80% — добры вынік толькі для аўтарытарных краін

Падчас выступлення на адкрыцці 2-й мінскай кальцавой аўтадарогі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што для яго вельмі важна, “з якім вынікам выйграе будучы прэзідэнт”.

“І калі прэзідэнт моцны, як вы заўсёды мяне падтрымлівалі — пад 80%! Ні ў кога нават пытанняў не было. Калі я прыязджаю і вяду перамовы, ён разумее: 80% за яго прагаласавала, увесь народ за ім стаіць, значыць, ён выказвае яго інтарэсы. І ад гэтага нікуды не падзенешся”, — сказаў кіраўнік краіны.

Еўрарадыё высвятляе, з якім вынікам на выбарах перамагалі самыя “моцныя прэзідэнты”.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама падчас выбараў у лістападзе 2012 года выйграў з вынікам 51,1%.

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд набраў у другім туры выбараў 2012 года 51,64% галасоў (у першым — толькі 28,63%).

Жалезная лэдзі Прыбалтыкі, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаускайтэ ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў 2014 года мела 57,87% галасоў (у першым было — 45,92%). А на папярэдніх выбарах яна выйграла ў першым туры з вынікам 69,09%.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда таксама перамог толькі ў другім туры з вельмі маленькім адрывам — 51,5% (падчас першага тура — з вынікам 35%).

Прэзідэнт Бразіліі Дзілма Русеф на мінулых выбарах 2014 года выйграла ў другім туры з вынікам 51,64% (у першым — з вынікам 41,59%). На свой першы тэрмін яна заступіла ў 2010 годзе, атрымаўшы ў другім туры 56,05% галасоў.

На апошніх выбарах у Аргенціне цяперашняя прэзідэнт Хрысціна Фернандэс дэ Кіршнер атрымала 54,11%. Падчас выбараў 2007 года яна набрала толькі 45,29% галасоў, але гэтага хапіла, каб перамагчы ў першым туры. У Аргенціне для перамогі ў прэзідэнцкіх выбарах кандыдат мусіць набраць больш за 40% галасоў і мець на 10% галасоў больш за кандыдата, які заняў другое месца.

Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін выйграў прэзідэнцкую гонку ў сакавіку 2012 года з вынікам 71,31%. Упершыню, на датэрміновых выбарах у 2000 годзе, ён стаў прэзідэнтам, набраўшы 52,94% галасоў.

 

Палітолаг: Перамога на выбарах у 80% — добры вынік толькі для аўтарытарных краін
Саміт СНД у Мінску. 2014 год. Фота: Васіль Федарэнка / AP

Але ёсць сапраўды “моцныя прэзідэнты”, за якімі стаіць увесь народ. Як ні дзіўна, усе яны — кіраўнікі постсавецкіх краін.

За нязменнага прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева ў красавіку гэтага года прагаласавала 97,7%.

За Гурбангулы Бердымухамедава на мінулых прэзідэнцкіх выбарах у Туркменістане аддалі свае галасы 97,14% выбаршчыкаў.

На красавіцкіх выбарах 2015 года ва Узбекістане Іслам Карымаў атрымаў 90,39% галасоў.

Кіраўнік Таджыкістана Эмамалі Рахмон на выбарах 2013 года атрымаў 83,92%. Прэзідэнт у гэтай краіне абіраецца на 7 гадоў.

Палітолаг: Перамога на выбарах у 80% — добры вынік толькі для аўтарытарных краін
Палітолаг Андрэй Казакевіч. Фота: youtube.com.

Доктар палітычных навук, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч кажа, што для дэмакратычных краін паказчык перамогі ў першым туры крыху большы за 50% — вельмі высокі. Ён сведчыць пра вялікую ступень даверу, і пытанне легітымнасці ў такім выпадку не ставіцца.

“Дэмакратычная палітычная сістэма базуецца на тым, што існуюць партыі, розныя падзелы па ідэалагічным спектры. Усё гэта прыводзіць да таго, што кандыдат у першым туры не можа атрымаць 80%. Гэта ўжо толькі ў нейкай надзвычайнай сітуацыі. Прынамсі, я такіх выпадкаў не магу прыгадаць”, — кажа палітолаг.

У другім туры сітуацыя ўжо іншая, тлумачыць палітолаг: там адбываецца афіцыйнае абмежаванне канкурэнцыі, вымушаная селекцыя. І калі адзін з кандыдатаў, напрыклад, абсалютна непрымальны для большасці, за яго саперніка можа прагаласаваць вельмі вялікая доля выбаршчыкаў.

Калі мы кажам пра перамогу ў 70-80% у першым туры, тлумачыць Андрэй Казакевіч, тады ў большасці выпадкаў размова ідзе пра недэмакратычныя краіны. Пра тыя, дзе адсутнічае палітычная канкурэнцыя, дзе дзяржаўны апарат працуе на аднаго кандыдата, альбо там, дзе адбываецца кардынальнае змяненне палітычнай сістэмы, накшталт рэвалюцыяў.

“У 1960-70-я ў афрыканскіх краінах малявалі па 95%. Цяпер ужо лічыцца, што больш прыстойная і праўдападобная перамога з меншым вынікам. Але псіхалагічна 70-85% — гэта тыя лічбы, якія прынятыя камфортнымі для аўтарытарнай мадэлі кіравання”, — адзначае палітолаг.

Нагадаем, што паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, на сваіх першых выбарах у 1994 годзе Лукашэнка набраў 44,82% у першым туры, і 80,6% — у другім. На выбарах 2001 года Лукашэнка набраў 75,65%, у 2006 — 83%, у 2010 — 79,65%.

Суперчэмпіёны выбараў у постсавецкіх краінах

Галоўнае фота: Handout/Getty Images

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі