Палачане былі крутымі ювелірамі: археолагі знайшлі яшчэ адно пацверджанне

Фібула XI века, Полацк

Фібула XI века, Полацк / "Полацкі веснік"

Археолагі знайшлі фібулу, якая датуецца XI стагоддзем, пры расакопках на тэрыторыі полацкага стадыёна, піша мясцовае выданне “Полацкі веснік”.

Фібула — металічная зашпілька — ляжала ў зямлі проста ў форме для адліўкі. Гэта рэдкасць, таму што звычайна для таго, каб выняць прадмет, форму разбівалі. Але гэты артэфакт па нейкай прычыне чакаў археолагаў проста ў глінянай форме. Спецыялісты кажуць, што знайсці такі прадмет — шанцаванне.

Раскопкі вядуцца пад кіраўніцтвам старэйшага выкладчыка Полацкага ўніверсітэта Аляксандра Коца. Паводле яго словаў, выраб знайшлі поруч са старажытнай ювелірнай майстэрняй, а гэта значыць, што адлілі яго проста тут, у Полацку.

У тым жа месцы знайшлі шмат пацверджанняў таго, што палачане развівалі ювелірнае майстэрства. Прыкладам, пры раскопках нашлі вагі, якія ювеліры выкарыстоўваюць для ўзважвання металаў, і гіркі. А яшчэ ў гэтым жа месцы нашлі каля дзвюх сотняў караляў! Усё гэта кажа пра статутнасць месца і пра тое, што тут была вельмі багатая ювелірная вытворчасць. Займаліся, у тым ліку, апрацоўкай бурштына.

Самі ж фібулы — маркер скандынаўскай культуры, полацкія дзяўчыны іх не насілі. Зашпілька выраблена з высакаякаснай латуні, а для мясцовага насельніцтва выраблялі ўпрыгожанні з латуні ніжэйшай якасці з дадаткам свінцу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі