Вы тут

Полацкаму княству больш за 1000 гадоў, але яго амаль не вывучаюць. Чаму так?

Ландшафт Полацка на карце XVI стагоддзя той самы, што на сучасным здымку з космасу / калаж Еўрарадыё

Нешматлікія пісьмовыя крыніцы, у якіх згадана Полацкае княства, даўно пераказаныя. Няма архіваў, у якіх можна было б вывучыць "Полацкі летапіс" — ён папросту не захаваўся. Беларускія гісторыкі са значна большай цікавасцю вывучаюць перыяд іншага княства — ВКЛ. Яно на 400 гадоў "маладзейшае" за Полацкае княства. Там нястачы ў крыніцах няма.
 

Нічыя зямля

— Па Полацкім княстве ў нас няма нічога, толькі адрывістыя звесткі з летапісаў, якія даўно разгледжаны і абмеркаваны. Ад гэтага яно не перастала быць важным. Але адышло ў цень у сувязі з тым, што паўстала велізарная махіна ВКЛ, — кажа кандыдат гістарычных навук, спецыяліст па гісторыі ВКЛ Мікола Волкаў.

Так цяпер выглядаюць вуліцы найстаражытнейшага горада Беларусі / 34travel

— Калі дзяржава і грамадства будуць укладваць рэсурс у даследаванне, у прасоўванне гісторыі Полацкага княства, яно набярэ вагу ў грамадскай свядомасці. А калі гэтым не займацца, то будуць іншыя важныя перыяды. Мірскі замак, Нясвіжскі замак, Радзівілы, ВКЛ, Рэч Паспалітая.

На баку ВКЛ — рэальныя замкі і рыцары. На баку Полацка — міфы пра князя-пярэваратня Усяслава Чарадзея і легендарную бібліятэку Сафійскага сабора. А таксама вельмі важнае менавіта сёння словазлучэнне "Тысячагоддзе беларускай дзяржаўнасці". На якое сёння, здаецца, ніхто не прэтэндуе.

А адгарнуць новыя старонкі ў гісторыі Полацкага княства можна, толькі калі археолагі добра капнуць углыб.

 

Выратавальныя раскопкі

На ўсю Беларусь у 2021 годзе выдадзена 240 адкрытых лістоў — дазволаў на правядзенне раскопак археалагічных помнікаў. З іх дазволаў на планавыя стацыянарныя работы — толькі 11. Яны вядуцца ў рамках фундаментальных даследаванняў і там, дзе гісторык бачыць перспектыву вывучэння тэрыторыі. Усё астатняе — тыя самыя "выратавальныя". Яны ніжэйшыя па якасці і менш інфарматыўныя.

Цяпер на тэрыторыі былога бальнічнага гарадка ў Полацку будуюць кадэцкае вучылішча. Тут жа, побач з будаўнікамі, працуюць археолагі — вядуць выратавальныя раскопкі.

Сафійскі сабор у Полацку — адзін з чатырох ва ўсім свеце / 34travel

— Работы праходзяць і ў вельмі цяжкіх умовах. Зіма выдалася халодная і доўгая. Расчышчаць пахаванне ў дзесяціградусны мароз немагчыма, і чакалі адліг. А потым пачалася слота, і яго зноў цяжка расчышчаць, — расказвае доктар навук, прафесар Вольга Ляўко. — Праз пандэмію студэнтаў на практыку не накіроўваюць, працоўную сілу ўзяць няма дзе. Мы шчаслівыя і тым, што будаўнікі ішлі нам насустрач, згаджаліся капаць уручную там, дзе больш звыкла працаваць з дапамогай тэхнікі. Пранікліся важнасцю аб'екта. Мы перажылі ўсе гэтыя пакуты і ўсё ж змаглі адгарнуць новыя старонкі ў гісторыі Полацка.

Драўляны зруб калодца XVIII-XIX стагоддзяў унутры будынку ХХ стагоддзя / фота прадстаўлена Вольгай Ляўко

Рабочыя наогул з вялікай цікавасцю паставіліся да раскопак. Вольга Мікалаеўна кажа, што з такім разуменнем і ўвагай і мясцовых жыхароў, і мясцовых уладаў наогул сутыкнулася ўпершыню.
 

Каб вырас асфальт

Вольга Ляўко працуе на раскопках у гарадах з 70-х гадоў. І расказвае, праз якія колы бюракратыі трэба было прайсці, каб выбіць у выканкаме ордар на правядзенне раскопак на 100 квадратных метраў. Археолаг павінен паклапаціцца пра тое, каб месца раскопак абнеслі плотам, а пасля раскопак на гэтай тэрыторыі вырас газон.

Капаць пад асфальтам — наогул недасяжная мара. Таму што трэба нейкім чынам паклапаціцца пра тое, каб на раскапанай тэрыторыі пасля завяршэння работ вырас ужо не газон, а зноў асфальт.

Участак, на якім цяпер вядуцца выратавальныя раскопкі, стаяў у запусценні каля дзесяці гадоў.

Гэта толькі частка знаходак, якія археолагі выявілі ў Верхнім замку / gorod214.by

— Крыўдна, калі кажуць: мы страчваем культурны пласт. Але гэта няпраўда. Раскопкамі ахоплена вялікая тэрыторыя. Мы ў жыцці за сезон больш за 100 квадратных метраў не адольвалі, нават калі маглі звяртацца да дапамогі студэнтаў. І тое — пры магутнасці слоя на тры метры, — працягвае археолаг. — А паспрабуй раскапай шэсць метраў? Пры тым што гэтую працу рабілі максімум шэсць-сем чалавек: выкладчыкі Полацкага ўніверсітэта і супрацоўнікі Інстытута гісторыі.

Горад, які заўсёды быў горадам

Верхні замак Полацка нядаўна разглядаўся як прывабная пляцоўка для турыстаў. Маўляў, нядрэнна было б аформіць пляцоўку, паставіць бутафорскія будынкі і расказваць пра гісторыю Вялікага Полацка. Але рэальных археалагічных даследаванняў тут не праводзілася, кажа Ляўко.

Мінулым летам археолагі разабралі завалы плінфы паблізу Сафійскага сабора, раскрылі па контуры рэшткі іншага храма, які цяпер захоўваюць і рыхтуюць да кансервацыі. Плануецца месцазнаходжанне гэтага храма пазначыць пліткай. Гэта зона будзе забароненай для любых работ. А калі-небудзь храм, магчыма, адновяць.

Зрэшты, ператвараць найстаражытнейшы горад Беларусі ў турыстычны цэнтр, здаецца, наогул перадумалі. У 2013 годзе яго пазбавілі нават статусу горада абласнога падпарадкавання. Цяпер гэта звычайны райцэнтр.

Цэнтр княства ператварыўся ва ўтульны, але райцэнтр / 34travel

— А Полацк жа — гэта не толькі першая беларуская дзяржава, але і першы беларускі горад. Ёсць гарады, якія выраслі з мястэчак. Ёсць гарады, якія ўзніклі, калі адзін шляхціч падарыў іншаму кавалак зямлі. А ёсць глыба — Полацк. Горад, які заўсёды быў горадам, — кажа мясцовы жыхар і экскурсавод Стась Сілка.

Гісторык Волкаў дадае:

— Уявіце сабе гэтыя культурныя слаі: пяць, сем метраў! Вельмі глыбока. І, на жаль, мы бачым, як дзяржава і мясцовая вертыкаль улады ставяцца да гэтага аб'екта. Для іх важней пабудаваць кадэцкі корпус на рэштках Полацкага княства, чым даследаваць яго. Так што гэта пытанне не да гісторыкаў, не да таго, чаму яны не хочуць даследаваць перыяд Полацкага княства. Гісторыкі павінны атрымаць магчымасць шукаць крыніцы, якія яны будуць даследаваць.

А калі б гэтую тэрыторыю можна было не "ратаваць", а планава вывучаць? Вольга Ляўко адказвае: вынікаў было б не нашмат больш.

— Культурны слой тут знішчаны прыкладна на 40 адсоткаў: гэта здарылася да таго, як уступілі ў сілу ахоўныя законы. Калі забітая верхняя частка слоя, добра, калі "зловіш" хоць бы "ніз". Але нам з "нізам" вельмі пашанцавала. Інфармацыя проста незвычайная. Полацк адгортвае новыя неспадзяваныя старонкі.
 

Дорага, багата

Раней ніхто не думаў, што тэрыторыя Верхняга замка ў Полацку магла засяляцца раней за XI стагоддзе. А сярод знаходак археолагаў ёсць і тыя, якія адносяцца да сярэдзіны X стагоддзя. Знайшлі мноства прадметаў гандлю: гіркі, пломбы XII стагоддзя. Гэта значыць, на гэтай тэрыторыі з XII стагоддзя захоўвалася шмат тавараў. І калі раней гісторыкі думалі, што тэрыторыя Верхняга замка была не то дзяцінцам, не то сакральным цэнтрам, то ў святле гэтых знаходак старыя тэорыі здаюцца сумнеўнымі. Палачане, здаецца, перш за ўсё былі паспяховымі гандлярамі.

Археолагі вывучаюць знаходкі / gorod214

Хутчэй за ўсё, там, у месцы зліцця дзвюх рэк, жылі купецкія вярхі. Заможныя палачане і палачанкі маглі дазволіць сабе ўпрыгожанні: іх археолагі таксама выявілі. Шмат — і дарагіх. Усё сведчыць пра высокі матэрыяльны статус людзей, якія займалі гэту тэрыторыю.

Наколькі заможныя палачане цяпер? Цяпер у горадзе радуюцца таму, што тут нарэшце адкрылася больш за адну кавярню. І спрачаюцца, ці ўдасца за тыдзень наскрэбці падзей, каб запісваць падкаст пра гарадское жыццё (так, у іх атрымалася).

— Людзям не стае працы, за якую плацілі б больш-менш прыстойныя грошы. Людзі працуюць на заводах "Нафтан" і "Палімір" у Наваполацку. А на "Шкловалакне" ў Полацку плацяць менш. Але Полацк не тоне ў балоце. З'яўляюцца тыя, у якіх ёсць трохі свабодных грошай, якія хочуць іх траціць. З'яўляюцца кавярні: я гавару пра гэта як пра нешта ўнікальнае, хоць у большасці краін пра гэта і гаварыць бы не сталі як пра падзею. А ў Полацку яны толькі з'яўляюцца, — расказвае Стась Сілка.

Сам ён скончыў універсітэт у Віцебску, але вярнуўся ў Полацк. Калі водзіць экскурсіі па горадзе, бярэ з сабой здымкі горада з космасу і план-схемы за 1579 год. Паміж відарысамі амаль пяцьсот гадоў — і яны вельмі падобныя.

— Полацк у значнай ступені захаваў гарадскі ландшафт. Пры тым што за гэтыя пяцьсот гадоў горад разбураўся пад корань і аднаўляўся зноўку. Але глядзіце — ёсць Верхні замак, ёсць Ніжні замак, ёсць востраў на Дзвіне, — паказвае Стась.

План Полацка, складзены сакратаром караля Стафана Баторыя ў 1579 годзе

Пра Мінск такога сказаць нельга. Стоячы на плошчы Свабоды, ты не можаш сабе ўявіць, як гэта месца выглядала пяцьсот гадоў таму. А палачане жывуць у тым самым горадзе, які захопліваў Іван Жахлівы і вызваляў Стафан Баторый. Расіяне прыязджаюць сюды на экскурсіі, таму што чулі пра ўдзел полацкіх князёў ледзь не ва ўсіх актыўнасцях XII–ХІІІ стагоддзяў. І яны вельмі губляюцца, калі бачаць Полацкі Сафійскі сабор.

— Яны знаёмыя з Кіеўскай і Наўгародскай Сафіяй, а ў Полацку бачаць барочны касцёл. Узнікае шмат пытанняў: маўляў, што гэта вашы палякі тут нарабілі?

Даводзіцца тлумачыць, што сабор у час Паўночнай вайны разбурылі войскі Пятра I.

Беларускія турысты сюды прыязджаюць, "таму што на слыху Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая і Францыск Скарына, таму што Рагвалод і Рагнеда, таму што старажытная сталіца".

— Нядаўна я спытаў чалавека: а ты хто? Ты рускі? Ты — беларус? Ён адказаў: я — палачанін. Полацк сам па сабе, — працягвае Стась Сілка. — І мне здаецца, што ў палачан, якія разумеюць месца, у якім жывуць, ёсць гонар за гэта. Яркі прыклад — Францыск Скарына. Ён у Полацку толькі нарадзіўся і трохі пажыў у дзяцінстве, а пасля тут і не бываў, толькі праездам. Але ён пісаў: доктар Францыск Скарына, "сын з слаўнага града Полацка".

 

Як цэнтр княства стаў райцэнтрам

Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў шмат гадоў расказвае чытачам, што "Ад Полацка пачаўся свет", і прыцягвае ўвагу да горада "Таямніцамі полацкай гісторыі". Але нават ён лічыць, што цікавасць да Полацкага княства не павінна перавышаць цікавасці да ВКЛ.

— Менавіта ў ВКЛ скансалідаваўся беларускі этнас, а беларуская культура была пануючай. Менавіта ў ВКЛ мы перажылі эпоху Рэнесансу, менавіта тады выйшла Біблія Скарыны — чацвёртая ва ўсім хрысціянскім свеце. Тады з'явіўся наш Статут.

Проціпастаўленне Полацкага княства і ВКЛ даволі штучнае. Мы павінны ўсведамляць пераемнасць традыцый нашай дзяржаўнасці, якой больш за тысячу гадоў і якая пачалася з Полацкага княства, — кажа Уладзімір Арлоў.

Гэта ўсё ён кажа як беларус. А як палачанін дадае — было абсалютным ліхадзействам пазбавіць Полацк статусу горада абласнога падпарадкавання і прыраўняць яго да райцэнтра. Гэта здарылася ў 2013 годзе.

Спаса-Праабражэнская царква / 34travel

— У гэтым рашэнні — неразуменне сутнасці Полацка як калыскі нашай дзяржаўнасці, значнасці яго турыстычнага, культурнага аспекту. Бо на пэўным этапе Полацк няўхільна ператвараўся ў турыстычную сталіцу Беларусі. З яго адзінаццаццю дзяржаўнымі музеямі, з яго прыватнымі музеямі, з яго універсітэтам, які сваю гісторыю пачынае з 1571 года, калі ён быў заснаваны як Полацкі калегіум.

Каб пераканаць чытача ў тым, што менавіта "ад Полацка пачаўся свет", часам даводзіцца ісці на крайнія меры. Нават прыгадваць прадказанні астролага Паўла Глобы.

— Я да астролагаў стаўлюся скептычна, але часам расказваю, што Глоба прадказаў: аднойчы Полацк стане сталіцай Беларусі. І падпісваючы на прэзентацыях сваю кнігу, я кажу: мару пра той час, калі Полацк будзе турыстычнай сталіцай Беларусі. Я мару пра тое, каб ён вярнуў і захоўваў гэты статус.

 

Топ артэфактаў, якіх вы больш нідзе не ўбачыце

— Калі спусціцца ў падвалы Сафійскага сабора, можна ўбачыць яго старажытны падмурак — мур XI стагоддзя.

— У Мастацкай галерэі можна ўбачыць фрэскі са Свята-Еўфрасіннеўскага храма. Фрэскі перанеслі з царквы на сцены музея спецыялісты Дзяржаўнага Эрмітажа з Санкт-Пецярбурга.

— У Полацку 11 дзяржаўных музеяў. Патрымаць у руках тутэйшыя артэфакты нельга. А вось у прыватным Музеі сярэднявечнага рыцарства можна ўзяць у рукі і меч, і шчыт.

— У Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я можна пазнаёміцца з гэтым распаўсюджаным калісьці, а цяпер забытым рамяством. Адкуль з'явіліся вышыванкі? Калі мода вас цікавіць больш, чым рыцарства, вам таксама ў Полацк. Або ў Дудуткі, але потым усё роўна ў Полацк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.