Падчас веламарафону на Палессі траўмы атрымалі восем чалавек

Раварысты на марафоне "Соль Палесся"

Раварысты на марафоне "Соль Палесся" / старонка "Марафон Налибоки" ў VK

На мінулых выходных на тэрыторыі Салігорскага і Любанскага раёнаў прайшоў папулярны веламарафон "Соль Палесся". Некалькі тысяч удзельнікаў спаборнічалі на дыстанцыях 40, 75 і 130 кіламетраў. У сацсетках пісалі, што не абышлося без пацярпелых.

Арганізатары спаборніцтва ў каментары выданню Onliner.by расказалі пра колькасць пацярпелых:

"У самім марафоне ўдзельнічала больш за тры тысячы чалавек, пацярпелых — восем. Траўмы былі атрыманыя на розных дыстанцыях і не ў адным месцы. Людзей адразу прывезлі ў салігорскую бальніцу, а шасцярых пасля абследавання адпусцілі. Яшчэ двое затрымаліся як мінімум да нядзелі. Адразу пасля ўзнагароджання іх наведалі прадстаўнікі "Беларуськалія". Мы з імі на сувязі, таму сітуацыя пад кантролем".

Арганізатары кажуць, што траўмы былі атрыманыя падчас падзення на купінах і паваротах, калі людзі не спраўляліся з кіраваннем. "Самая цяжкая траўма — страсенне мозгу, атрыманая пры падзенні", — расказалі ў Федэрацыі прыгодніцкіх гонак.

Адзін з удзельнікаў расказаў журналістам, што бачыў на спуску раварыста, якому было дрэнна. Адна з дзяўчат выклікала яму хуткую дапамогу. Яшчэ адзін удзельнік гонкі зрабіў сальта праз пярэдняе кола на фінішы, яго забрала хуткая.

Дзяўчына, якая выступала на дыстанцыі 130 км, падзялілася сваімі ўражаннямі:

"За кіламетр да аднаго з участкаў быў бачны натоўп людзей — чалавек 400—500. Я вырашыла, што гэта пункт з вадой, але, калі наблізілася, пачалося пекла з людзей. Гэта было месца, дзе злучаліся дарогі з розных дыстанцый. Жахлівая сітуацыя: 130 кіламетраў хлопцы ехалі, нацэленыя на вынік. У іх была касмічная хуткасць, а ў мяне — 30—35 км/гадз. Мы не разумелі, як і куды рухацца".

На адным з паваротаў, вастрэйшым за 90 градусаў, адзін з удзельнікаў паклаў свой ровар проста пасярод гравійнай дарогі. "Мяркую, зрабіў гэта, каб сфатаграфавацца", — дадае дзяўчына.

Паводле яе, шмат людзей атрымалі траўмы праз тое, што хуткія і павольныя ўдзельнікі аказаліся разам. Арганізатары праблему так і не прызналі і не папрасілі прабачэння, кажа ўдзельніца.

"Да фінішу я даехала, але ўжо з меншай сярэдняй хуткасцю. Убачаныя траўмы прывялі да псіхалагічнага блока і страху працягваць хутка ехаць у натоўпе неспрактыкаваных і несвядомых людзей".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.