Вы тут

Пад Магілёвам кіраўнік агракамбінату жорстка расправіўся з сабакамі

Адзін з сабак, пацярпелых падчас нападу. Фота: CTV.by

Кіраўнік агракамбінату ў Магілёўскай вобласці можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёламі. Ён асабіста расстраляў з пнеўматычнай зброі некалькіх сабак на тэрыторыі фермы, сярод якіх былі свойскія жывёлы.

Два сабакі атрымалі цяжкія раненні. Па факце жорсткага абыходжання з жывёламі міліцыя праводзіць праверку. Відавочцы кажуць, што мужчына з ружжом напаў спачатку на трох дварнягаў, якія жылі на ферме і нікога не чапалі. Супрацоўнікі фермы падкормлівалі гэтых сабак, адна атрымала раненне і пазбавілася вока. Цяпер яе выхаджваюць валанцёры з арганізацыі па абароне жывёл.

Пасля кіраўнік паехаў на іншую ферму і таксама адкрыў там стральбу. Ён расстраляў сабаку, які належаў тутэйшай супрацоўніцы і штодня бегаў за ёй на працу. Пёс моцна пацярпеў і мае малыя шансы выжыць.

Расстрэл сабак здарыўся сярод белага дня. Сведкамі жорсткай расправы міжволі сталі амаль усе работнікі фермы. Але спыніць стральбу ніхто не змог.

У гутарцы з карэспандэнтамі каналу СТВ кіраўнік агракамбінату сказаў, што ён пакуль у статусе выканаўцы абавязкаў дырэктара. Мужчына не адмаўляе, што страляў менавіта ён. Свае дзеянні патлумачыў так: сабакі брахалі і ім не месца на малочна-таварным комплексе.

Міліцыя праводзіць праверку. Зброя канфіскаваная і знаходзіцца на экспертызе. Дзеянні нападніка могуць кваліфікаваць як адміністратыўнае правапарушэнне, або як крымінальнае злачынства.