Пад Александрыяй BMW урэзаўся ў картэж (відэа)

Пад Александрыяй 5 ліпеня на трасе Орша-Шклоў-Магілёў аўтамабіль BMW нечакана выехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў “Мерсэдэс Спрынтар”, які ехаў у картэжы. Вядома, што за рулём BMW была 23-гадовая жанчына. Паводле непацверджанай інфармацыі, “Мерсэдэс” ехаў у картэжы кіраўніка краіны, на ім служба аховы вярталася са свята ў Александрыі.

Лукашэнка наведаў свята "Купалле" ў Александрыі (відэа)

“Следствам устаноўлена, што каля 21 гадзіны жанчына-кіроўца аўтамабіля БМВ, у салоне якога знаходзілася шэсць чалавек, выехала на паласу сустрэчнага руху і здзейсніла сутыкненне з аўтамабілем “Мерсэдэс Спрынтар”, які рухаўся ў сустрэчным напрамку. Аўтамабіль “Мерсэдэс” знаходзіўся ў складзе арганізаванай транспартнай калоны ў суправаджэнні транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння з уключанымі маячкамі сіняга і чырвонага колераў”, — гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта.

У выніку сутыкнення пацярпелі кіроўца і тры пасажыры мікрааўтобуса. Двое з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Яны перанеслі складаныя хірургічныя аперацыі. Кіроўца БМВ шпіталізаваная, але яе жыццю нічога не пагражае.

Па словах відавочцаў аварыі, мікрааўтобус пасля сутыкнення вылецеў у кювет, дзе перавярнуўся некалькі разоў.

Па адной з версій, сутыкненне адбылося на паласе аўтамабіля “Мерсэдэс Спрынтар”. Следства таксама апублікавала запіс відэарэгістратара, усталяванага ў мікрааўтобусе. На ім добра бачна, як БМВ выязджае насустрач мікрааўтобусу.

“У якасці падазраванай па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) прыцягнутая 23-гадовая жыхарка Шклоўскага раёна. Варта адзначыць, што вадзіцельскі стаж падазраванай складаў менш за два гады, правы на кіраванне аўтамабілем былі ёю атрыманыя ў лістападзе 2013 года”, — паведамляе Следчы камітэт.

Пазней прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова дадала, што кіроўца БМВ не справілася з аўтамабілям і яе вынесла на сустрэчную паласу. Па слядах на дарозе эксперты высветлілі, што здарэнне адбылося на паласе “Мерсэдэса”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі