"Ноч Ваўкалака" прайшла пад кодавай назвай "Мы - беларусы"

6-га красавіка ў Наваполацку прайшоў фэст беларускамоўнага року “Ноч Ваўкалака”. Мясцовая адміністрацыя не зацвердзіла макет афішы пад арыгінальнай назвай фэсту, таму імпрэза прайшла пад кодавай назвай "Мы- беларусы". Як паведаміла Еўрарадыё суарганізатарка фэсту Лера Сом, перамог у конкурснай праграме гурт “Да!Бл..!” з вёскі Нарач Мядзельскага раёна. Яны ж узялі і “Прыз глядацкіх сімпатыяў”:

Лера Сом: “Прыз “За лепшае шоў” атрымаў новаполацкі гурт «Denial of Life». Намінацыю “За лепшы тэкст” замянілі на “За лепшае гучанне” і аддалі яго смалявіцкаму гурту “Акропаль”.

Лера дадала, што фэст наведала каля 200 чалавек, на яе погляд гэта не мала, але магло быць і больш. Прычынай такой сціплай наведвальнасці стала праблема з афішамі, макет якіх прынялі толькі за 3 дні да мерапрыемства. А назву “Ноч Ваўкалака” выканкам не прыняў, таму афіцыйна фэст праходзіў пад назвай “Мы беларусы”

Лера Сом: “На першай афішы – ладна, там быў такі голы прыгожы мужык. Але прыдраліся да назвы: “Чаму ноч Ваўкалака?” – “У гонар Усяслава Чарадзея!” – “А вы ведаеце, ён царквою не прызнаны!” Мы зрабілі другі варыянт афішы з фотаздымкам помніку Усяслава Чарадзея і навамі гуртоў. Зноў зарубілі. Прынялі толькі чысценькую беленькую паперку з назвамі гуртоў і ўсё”.

Хэдлайнерамі на фэсце выступіў гурт “Нейра Дзюбель”. Лідэр калектыву Аляксандр Куллінковіч расказаў Еўрарадыё, што прымаючы бок быў мілым і прыемным, а каманды-удзельніцы конкурснай праграмы былі досыць слабымі:

Аляксандр Куллінковіч: “Людзі, якія нас запрасілі, былі прыемнымі ва ўсім. Калі пра фэст, то на мой погляд, быў дастаткова нізкі ўзровень каманд. Ну, і жудасны гук. Я ўжо і не памятаю, калі граў з такім гукам”.

Аляксандр дадаў, што калі б “Нейра Дзюбель” запрасілі на фэст яшчэ раз, то ён бы пагадзіўся. Дадамо, што арганізатары паабяцалі зрабіць “Ноч Ваўкалака” штогадовым. І пакуль усё паказвае на тое, што гэта атрымаецца.

www.parfantasy.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі