Вы тут

"НедаКемпінскі" будзе адміністрацыйным будынкам, а не гатэлем

Даўгабуд-"недаКемпінскі" каля цырка / minsknews.by

Скандальна вядомы даўгабуд каля цырка ў цэнтры Мінска плануюць дабудаваць да канца 2022 года. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Дзмітрый Мікулёнак, паведамляюць "Мінск-Навіны".

Па словах чыноўніка, цяпер на аб'екце, які першапачаткова задумваўся як шматфункцыянальны комплекс з гатэлем, вядуцца ўнутраныя работы.

Пасля пабудовы гэта будзе адміністрацыйны будынак, без жылых і гатэльных памяшканняў. 

Будаўніцтва комплекса пачалося ў 2011 годзе кампаніяй алігарха Юрыя Чыжа. Публічна абвяшчалася, што гэта будзе гатэль "Кемпінскі", які адкрыюць да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Пад гэта забудоўшчык атрымаў падатковыя ільготы.

Дзеля новага гатэля знеслі помнік архітэктуры — будынак першай мінскай электрастанцыі. 

Але падчас пабудовы на беразе ракі забудоўшчык нечакана высветліў, што пад будынкам ёсць плыткія глебы і вада. У сувязі з гэтым будаўніцтва затармазілася. Таксама высветлілася, што кампанія "Кемпінскі" не мае нават уяўлення, што гатэль будуецца пад яе імем.

Потым Юрый Чыж збанкрутаваў, і будынак некалькі гадоў стаяў закансерваваны. Улады вялі перамовы з расійскім "Сбербанкам", каб перадаць комплекс яму для дабудоўвання. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.