Не праверка, а "мерапрыемства": як санстанцыя закрывае бары-забастоўшчыкі

Добраахвотная забастоўка ператварылася ў нядобраахвотнае закрыццё / spb-gid.ru
Добраахвотная забастоўка ператварылася ў нядобраахвотнае закрыццё / spb-gid.ru

26 кастрычніка ўстановы грамадскага харчавання па ўсёй Беларусі баставалі разам з рабочымі і студэнтамі. "Атветачка" прыляцела вельмі хутка: праверкі ад разнастайных дзяржорганаў наляцелі ў кавярні і рэстараны, якія бастуюць. МАРГ ужо прыпыніў работу 13 з іх. І здаецца, не збіраецца спыняцца: праверкі працягваюцца.

Еўрарадыё паразмаўляла з кіраўніком мінскага бара, які ўстаў на сцяжыну забастоўкі. Пасля візіту санстанцыі бар закрылі на 90 дзён. Але, як сказаў кіраўнік, справа зусім не ў тараканах.

Найлепшы дзень, каб пафарбаваць сцены

Не проверка, а “мероприятие”: как санстанция закрывает бастующие бары
Санапрацоўка кухні / "Ютуб"

Еўрарадыё: Як думаеце, чаму санстанцыя прыйшла менавіта да вас і менавіта цяпер?

Кіраўнік: Вядома, паўплывала тое, што мы зачыніліся на забастоўку, гэта відавочна. І гэта ўжо не першая інстанцыя, якая прыходзіць. За тое, што мы зачыняліся ў папярэднія дні салідарнасці, мы ўжо плацілі штраф. Таму гэтым разам мы былі гатовыя. Мы напісалі, што ў нас рамонт, — у нас і праўда быў рамонт. Мы даўно хацелі пафарбаваць сцены, а тут для гэтага прадставілася такая выдатная магчымасць! Гэта дата, 26 кастрычніка, нам вельмі спадабалася. Напісалі ў адміністрацыю ліст пра тое, што мы зачыняемся на планавы рамонт, для таго, каб нас не штрафавалі, як мінулы раз. Але санстанцыя ўсё роўна да нас прыйшла.

Мы яе, вядома ж, чакалі. Па суседстве з намі ёсць маленькая кавярня. І, калі да нас прыйшлі з санстанцыі, да іх прыйшлі з Міністэрства антыманапольнага рэгулявання. Хлопцы зачыніліся 26 чысла нікога не папярэджваючы — у іх яшчэ не было негатыўнага досведу, які ўжо ёсць у нас. Людзі з нейкай адміністрацыйнай структуры зладзілі абход: яны фатаграфавалі ўсе дзверы, на якіх віселі аб'явы пра тое, што ўстановы не працуюць з той ці іншай прычыны. І пасля гэтага да іх уваліўся МАРГ.

Не праверка, а мерапрыемства

Еўрарадыё: Як самі эпідэміёлагі растлумачылі свой візіт?

Кіраўнік: Яны не маюць права прыходзіць з праверкай, не папярэдзіўшы нас загадзя. Таму гэта была не праверка, а "мерапрыемства тэхнічнага характару". Па выніках гэтага мерапрыемства нам выставілі патрабаванне аб тэрміновым закрыцці бара. Праз дзве гадзіны мяне выклікалі ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Калі я прыехаў, галоўны доктар мяне спытаў: "Вы ўжо закрытыя?"

Жанчыны з санстанцыі, якія да нас прыйшлі з праверкай, не вельмі добра разумелі, што рабіць. Яны ўвесь час тэлефанавалі і пыталіся, як ім сябе паводзіць, на што звяртаць увагу. Паперу, па якой яны праводзілі "мерапрыемства тэхнічнага характару", не далі сфатаграфаваць.

Еўрарадыё: Калі захацелі баставаць, пра наступствы задумваліся?

Кіраўнік: Рашэнне пра закрыццё 26 кастрычніка мы абмяркоўвалі ўсім калектывам, таму што працу можна было страціць, і гэта разумелі ўсё. Таму мы былі гатовыя да новых праверак, і да санстанцыі ў тым ліку. Калі я прыехаў з санстанцыі, адразу напісаў, што мы закрытыя, і выгнаў усіх людзей з бара. У бары ўсе крыкнулі: "Жыве Беларусь!"

Не проверка, а “мероприятие”: как санстанция закрывает бастующие бары

Еўрарадыё: Што трэба парушыць, каб установу закрылі на тры месяцы?

Кіраўнік: Фармулёўка санстанцыі такая: праз парушэнні мы становім пагрозу для жыцця і здароўя грамадзян. Нас зачынілі, выдаўшы патрабаванне. Патрабаванне павінна на нешта абапірацца, але акта ніякага няма. Дакумент, на падставе якога праводзілася гэта мерапрыемства, фатаграфаваць нельга. Таму я абсалютна ўпэўнены, што гэта палітычны парадак дня.

Мы не працавалі ў пальчатках і масках, у нас была брудная мультыварка, таму што ў ёй варылі кашу, і ўнутры батарэі быў пыл. Калі я прыехаў у санстанцыю, даведаўся пра цікавы выпадак: у адной з устаноў была треснутая плітка на падлозе пад халадзільнікам. Дык вось, нават гэта было ўпісана адным з пунктаў, які становіць "пагрозу для жыцця і здароўя людзей".

Еўрарадыё: Усіх сабак за закрыццё ўстаноў вешаюць на "Кокобая" — маўляў, гэта ўсё праз яго спіс. Няма яму прабачэння?

Кіраўнік: Не, гэта глупства. Установы мэтанакіравана хадзілі і фатаграфавалі. У адзін з бараў, які быў у спісах забастоўшчыкаў, не прыйшлі ні разу. А ў іншы бар прыходзяць пастаянна. Вядома, "Кокобай", можа, і дапамог у складанні спіса. Але калі б яго не было, ва ўстановы ўсё роўна прыйшлі б.

Проста частка ўстаноў зрабіла правільна юрыдычна, папярэдзіўшы адміністрацыю раёна за пяць дзён. Тым самым яны дапамаглі скласці спіс. А частка ўстаноў так не зрабіла, і таму быў рэйд, калі хадзілі і фатаграфавалі зачыненыя ўстановы.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, "Кокобай" не вінаваты?

Кіраўнік: Акрамя таго, што ён ****** [нядобры чалавек. — Еўрарадыё], — не, не вінаваты.

Еўрарадыё: Калі б можна было вярнуць усё назад, баставалі б 26 чысла ці не?

Кіраўнік: Вядома, баставалі б.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі