Вы тут

НАУ: адкліканне еўрабондаў — спроба не ўганяць Беларусь у яшчэ большыя даўгі

Беларусь не можа не пазычаць, каб абслугоўваць старыя даўгі​ / Reuters

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне заклікае інвестараў да датэрміновага пагашэння еўрабондаў, якія яны купілі ў Беларусі летам 2020 года. Але эксперты, апытаныя Еўрарадыё, кажуць, што зрабіць гэта не так проста, — нават калі захацець. Мы разабраліся, якія тут ёсць падводныя камяні, і даведаліся, якіх вынікаў ужо дамаглося НАУ.

 

Ці могуць інвестары запатрабаваць датэрміновага вяртання грошай?

Еўрабонды — дзяржаўныя аблігацыі, размешчаныя на еўрапейскім рынку. Па сутнасці, гэта яшчэ адзін спосаб, з дапамогай якога Беларусь пазычае грошы пад працэнт.

Летась Беларусь яшчэ да выбараў прадала такіх каштоўных папер на $1,25 млрд. З іх $0,5 млрд яна пазычыла да лютага 2026 года пад 5,875% гадавых. Яшчэ $0,75 млрд — да лютага 2031 года пад 6,378% гадавых. Гэта больш за траціну ўсяго, што Беларусь пазычыла за мяжой у 2020 годзе.

Інвестары маюць права датэрмінова пагасіць свае аблігацыі. Але для гэтага павінна быць жаданне. А на думку навуковага супрацоўніка BEROC Алега Мазаля, пакупнікі беларускіх еўрабондаў наўрад ці захочуць ад іх пазбавіцца да заканчэння тэрміну.

— Толькі калі гэта будзе звязана з рызыкамі непагашэння. Акрамя таго, калі інвестары датэрмінова будуць спрабаваць іх забраць, гэта можа стварыць ажыятаж, і кошт еўрабондаў рэзка ўпадзе. Таму нейкіх рэзкіх рухаў інвестары не будуць рабіць, — кажа эксперт.

Старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб паказвае, што ў дакументах наўрад ці ёсць пункт "нам не падабаецца ўзровень дэмакратыі ў вашай краіне, таму мы забіраем свае грошы".

Пратэсты ў Мінску пасля выбараў / Еўрарадыё

— Для гэтага павінны быць вельмі канкрэтныя, часта фінансавыя ўмовы. Напрыклад, калі дзяржава пратэрмінавала выплату адсоткаў.

Зрэшты, эксперт адзначае, што можна спрабаваць апеляваць да правілаў этычных паводзін бізнесу.

— Тэарэтычна можна казаць, што бізнес з Беларуссю — гэта не этычна. Але тут трэба разумець, што ў якой арганізацыі прапісана. Гэта раз. Па-другое, важна ведаць, наколькі гэта не даніна модзе, а рэальна рабочы інструмент.

Успомніць прэцэдэнты, калі б інвестары адмаўляліся ад аблігацый па этычных прычынах, Вадзім Іосуб не змог.

 

Што будзе, калі атрымаецца?

Калі задумка НАУ ўдасца, то для Беларусі гэта будзе азначаць страту валюты (бо аблігацыі намінаваныя ў валюце) і рэзкі адток капіталаў. Гэта можа справакаваць ступеньчатую дэвальвацыю беларускага рубля.

— Гэта пацягне за сабой рост цэн на імпартныя камплектуючыя і гэтак далей. Але больш адаб'ецца на дабрабыце насельніцтва, чым паўплывае на палітычныя мэты, — кажа Алег Мазаль. — Лепш працаваць не з тымі фондамі, якія куплялі еўрабонды, а з замежнымі прадпрыемствамі, для якіх рэпутацыя, карпарацыйная этыка нешта значаць.

Святлана Ціханоўская заклікае Yara прыпыніць супрацоўніцтва з "Беларуськаліем" / Еўрарадыё

Інвестары не спяшаюцца

У эканамічным блоку Народнага антыкрызіснага ўпраўлення кажуць, што ўсё ж працягнуць дамагацца пастаўленай задачы. Ужо адпраўленыя лісты 27 інвестыцыйным фондам і тром інвестыцыйным банкам, якія выступілі арганізатарамі выпуску беларускіх еўрабондаў. Таксама адпраўлены зварот у Міжнародны валютны фонд.

Адзін з інвестыцыйных банкаў, швейцарскі Credit Suisse, адказаў, што валодае нязначнай доляй беларускіх дзяржаблігацый і выконвае ўсе законы і прынцыпы. НАУ падкрэслівае, што гэта не так. Сярод 27 інвестфондаў доля інвестыцый Credit Suisse па адным з выпускаў на чацвёртым месцы, а па другім — на пятым.

Лідар НАУ Павел Латушка заяўляе, што дацкі банк BankInvest ужо прадаў усе беларускія еўрабонды.

 

Сацыяльная адказнасць

Пакуль што НАУ звярнуліся да інвестараў, паказаўшы на невыкананне крытэраў сацыяльна адказнага інвеставання (ESG — Environment Social Governance).

— Мы задаём вельмі простае пытанне: гэта проста бізнес? Дзе, як і якім чынам праводзіўся аналіз з пункту гледжання ESG пры прыняцці рашэння аб куплі беларускіх еўрааблігацый? — кажа спецыяліст эканамічнага блока НАУ.

У НАУ падкрэсліваюць, што Кніга заявак на набыццё двух выпускаў еўрааблігацый была сфармавана 17 чэрвеня 2020 года. На наступны дзень быў арыштаваны Віктар Бабарыка.

Збор подпісаў за Віктара Бабарыку / Еўрарадыё

— Не ведаць гэтага інвестфонды не маглі. Але, нягледзячы на гэта, 24 чэрвеня 2020 года завяршылася размяшчэнне выпуску аблігацый на Лонданскай фондавай біржы. Кліенты, якія даверылі свае грошы гэтым інвестфондам, наогул у курсе, куды былі накіраваны іх грошы?​

 

Досыць капаць сабе даўгавую яму

Згодна з праспектам эмісіі еўрааблігацый, грошы павінны былі пайсці на рэфінансаванне дзяржаўнага доўгу. Але спачатку сродкі папаўняюць золатавалютныя рэзервы, адкуль могуць размяркоўвацца і на дзярждоўг, і на падтрыманне курса рубля, і на рэпрэсіі.

У НАУ ўпэўненыя, што нішто не перашкаджае інвестыцыйным банкам і фондам спытаць у Міністэрства фінансаў, на якія мэты пайшлі іх грошы.

— У перыяд са жніўня 2020 года да сённяшняга дня Лукашэнка не спыняў, а толькі нарошчваў расходы на фінансаванне створанай ім рэпрэсіўнай машыны.

НАУ звяртае ўвагу на хранічную неабходнасць беларускай эканомікі ў знешніх запазычаннях.

— Без гэтага эканоміка Лукашэнкі не працуе. А калі пазычыць няма дзе, нелегітымная ўлада спрабуе вырашыць свае праблемы за кошт саміх беларусаў, падвышаючы падаткі і робячы больш жорсткімі правілы для бізнесу. У гэтай сітуацыі агаліліся ўсе хранічныя праблемы беларускай эканомікі.

Грошы гадамі ўліваюцца ў неэфектыўныя праекты / ААТ "Беларускі цэментны завод"

Сярод гэтых праблем НАУ называе велізарныя страты, згенераваныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі пад кіраваннем неэфектыўных, лаяльных і карумпаваных дырэктараў. У канцы мінулага года Белаграпрамбанк нават купіў дадаткова выпушчаныя акцыі стратных ААТ "Палессе" і ААТ "Светлагорскі ЦКК", каб яны засталіся на плаве.

— Беларускія банкі вымушаныя ў загадным парадку выкупляць аблігацыі гэтых прадпрыемстваў, "ратуючы" сітуацыю. Гэта вынік поўнай прафнепрыдатнасці тых, хто кіруе краінай. Чым хутчэй мы зменім гэтых "кіраўнікоў", зафіксуем страты і перастанем іх генераваць, тым хутчэй мы выйдзем са складанай сітуацыі.

Рэзюмуючы, спецыяліст НАУ падкрэслівае, што сваёй ініцыятывай упраўленне абсякае магчымасць для Лукашэнкі браць новыя крэдыты і ўганяць Беларусь у яшчэ большыя даўгі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.