Сікорскі сустрэўся з Ціханоўскай да і пасля сустрэчы з Рыжанковым

Радаслаў Сікорскі і Святлана Ціханоўская

Радаслаў Сікорскі і Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай

На палях Генеральнай асамблеі ААН міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі размаўляў з кіраўніцай Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланай Ціханоўскай.

Прычым гэта адбылося двойчы: і да, і пасля таго, як кіраўнік МЗС Польшчы сустрэўся са сваім беларускім калегам Максімам Рыжанковым. "І ў панядзелак, і ў аўторак", — расказаў у каментары Еўрарадё кіраўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі.

Сустрэча Сікорскага і Рыжанкова і магчымае пацяпленне беларуска-польскіх адносінаў сталі галоўнай тэмай гутаркі 23 верасня.

"Польшча сустрэчай з міністрам замежных справаў Лукашэнкі дала вялізны крэдыт рэжыму, — лічыць кіраўнік НАУ Павел Латушка. — Ці дастаткова суб'ектны рэжым, каб скарыстацца гэтым крэдытам, — пытанне адкрытае. Але думаю, што парушэнне гэтага крэдыту стане апошнім для рэжыму ў тым сэнсе, што на гэтым будзе пастаўленая кропка ў пытанні яго суб'ектнасці і самастойнасці".

Таксама Латушка нагадвае пра прынцып: "Нічога пра нас без нас". Як бачна, у выпадку з сустрэчай Сікорскага і Рыжанкова ён выконваецца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.