Моцная завея затрымала ў Стамбуле 117 рэйсаў, у тым ліку — на Мінск

Нацыянальны перавозчык Турцыі Turkish Airlines адмяніў 117 сваіх унутраных і міжнародных рэйсаў. Яны мусілі адпраўляцца са стамбульскіх аэрапортаў Атацюрка і Сабіхі Гёкчэн. Такое рашэнне было прынятае пасля папярэджання дзяржаўнага метэаралагічнага бюро пра моцную завею, паведамляе турэцкае інфармацыйнае агенцтва CIHAN.

У лік адмененых міжнародных рэйсаў трапілі вылеты ў Бішкек, Жэневу, Маскву, Амстэрдам і іншыя гарады. Авіясувязь між Мінскам і Стамбулам таксама часова прыпыненая.

“Вылет з Мінска ў Стамбул 18 лютага часова затрыманы, рэйс адтуль — таксама. Чакаем інфармацыі з Турцыі, але хацелася б падкрэсліць, што рэйсы не адмененыя”, — паведамляе БЕЛТА з Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Моцны снегапад прымусіў улады Стамбула адмяніць і ўсё паромнае злучэнне. Снегапад выклікаў у турэцкім мегаполісе шматкіламетровыя заторы. Па звестках СМІ, за суткі адбылося 841 ДТЗ.

Метэаролагі папярэджваюць, што завея ў Стамбуле працягнецца да чацвярга.

Фота — usatoday.com і todayszaman.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі