Вы тут

Мінспорту дало жорсткае распараджэнне: трэніруемся дома, беражэм людзей

Reuters

Стала вядома, якія меры прафілактыкі распаўсюду каранавіруса ў Беларусі прымаюцца сярод спартсменаў. Прэс-служба Міністэрства спорту і турызму паведамляе ў Telegram, што стварыла працоўную групу, якая займаецца адсочваннем і аналізам інфармацыі, кантактуе з іншымі органамі дзяржкіравання, грамадскімі арганізацыямі. Галоўнай складанасцю называецца пошук аптымальных рашэнняў "для мінімізацыі стратаў" для спартсменаў і турыстаў.

Запланаваныя раней выезды за мяжу спартыўных дэлегацый пераглядаюцца і абмяжоўваюцца. Яны могуць адбыцца толькі з дазволу міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука. Гэтаму спрыяе і перанос многіх міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку і адбору на летнюю Алімпіяду. Што да спартыўных дэлегацый, якія прыязджаюць у нашу краіну, то яны праходзяць абавязковы санітарна-эпідэміялагічны кантроль.

"Усе кіраўнікі арганізацый, падначаленых Мінспорту, атрымалі жорсткае распараджэнне: трэніруемся дома, беражэм людзей", — паведамляе прэс-служба міністэрства.

Пакуль спартыўныя мерапрыемствы на тэрыторыі Беларусі адмяняць не збіраюцца.

У Беларусі на 13 сакавіка налічваецца 27 выпадкаў заражэння каранавірусам, 24  чалавекі застаюцца ў бальніцах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.