Вы тут

Мінчанку асудзілі на тры гады "хатняй хіміі" за абразу дзевяці амапавак

Святлана Бараноўская / spring96.org

Фрунзенскі суд Мінска прысудзіў Святлане Бараноўскай тры гады "хатняй хіміі". Як піша праваабарончы сайт "Вясна", жанчыну прызналі вінаватай у абрадзе дзевяці супрацоўніц АМАП. Акрамя таго, жанчына павінная выплаціць ім 6000 рублёў у якасці маральнай кампенсацыі.

Як стала вядома на судзе, 1 сакавіка 2021 года Бараноўская пад фатаздымкам амапавак у тэлеграм-канале "Каратели Беларуси" пакінула каментар: "Вось мразі".

Пацярпелымі па справе былі прызнаныя супрацоўніцы мінскага АМАП: камандзір 22-га ўзвода атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) Аксана Краўчанка, камандзір групы 22-га ўзвода АМАП Алена Шкулёва, міліцыянт 22-га ўзвода АМАП Ганна Шахава, міліцыянт 7-га ўзвода АМАП Кацярына Якушава, міліцыянт Анастасія Іванова, камандзір роты 22-га ўзвода Ганна Міцко, фельчар 2-й аператыўнай роты Яўгенія Лысак, камандзір аддзялення 22-га ўзвода Кацярына Мачкарова, міліцыянт 22-га ўзвода Юлія Дрозд.

Бараноўская цалкам прызнала сваю віну. Свае дзеянні яна патлумачыла так: “Я адкрыла канал, пабачыла фатаздымак, дзе была проста “паласа” ў амапаўскай форме, магчыма была нейкая інфармацыя. Было вельмі шмат людзей у міліцэйскай форме, зразумела цяпер, што гэта былі жанчыны. Я дрэнна рэагую на супрацоўнікаў гэтай службы. На эмоцыях пакінула гэты кароткі каментар, закрыла канал і даволі хутка забыла".

Кацярына Якушава ацаніла свае маральныя пакуты ў 10 000 рублёў. Па яе словах людзі ў міліцэйскай форме "ратуюць жыцці, падстаўляюць свае целы пад кулі, абараняючы грамадзян Беларусі, гінуць. І зараз чуць гэта — вельмі абразліва, мне як жанчыне і як супрацоўніцы міліцыі". Аднак суддзя Юлія Крэпская прызначыла ёй, Мачкаровай і Івановай кампенсацыю ў 1000 рублёў, астатнім — па 500 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.