Вы тут

МАРГ забараніла мабільным аператарам перавабліваць кліентаў адзін у аднаго

pixabay.com

Кампаніі, якія займаюцца мабільнай сувяззю, паскардзіліся адна на адну. у выніку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) 31 траўня прыняло рашэнне, якім забараніла ім перавабліваць кліентаў адзін у аднаго, піша officelife.media. 

На кампанію "БЕСТ", якая валодае сеткай life:), паскардзіліся за тарыф "Безліміт на ўсё". Ён быў даступны толькі фізічным асобам, якія перанеслі свой нумар з сеткі іншага аператара ў сетку life:). Так было з чэрвеня па жнівень 2018 года. Умовы для дзеючых абанентаў пры пераходзе на "Безліміт на ўсё" былі такія ж, як і пры пераходзе з іншай сеткі. Але штомесячная абаненцкая плата пры пераходзе ад іншага аператара была ніжэйшай, чым для "сваіх" абанентаў.

МАРГ пастанавіла, што акцыі кампаніі "маюць накіраванасць не на абанента і прадастаўленне яму найбольшай выгады, а на стварэнне перашкодаў выкарыстання абанентамі паслуг канкурэнта". Паколькі аператар ужо спыніў такую акцыю, то МАРГ вырашыла не выносіць прадпісанне, але папрасіла не дапускаць такіх акцый у будучыні.

Кампанія "БеСТ" таксама паскардзілася на velcom | А1. Нагодай стала акцыя "Сардэчна запрашаем у velcom!". Падчас гэтай акцыі абанентам у Віцебскай вобласці прапаноўвалі за 1 рубель у месяц тэлефанаваць ва ўсе сеткі і атрымліваць безлімітны доступ у інтэрнэт. Кампанія "БеСТ" мяркуе, што гэта манапольна нізкая цана на тавар — паслуга сотавай рухомай электрасувязі.

Паводле звестак "БеСТ", velcom | А1 прапановала ўсім, хто хацеў перанесці нумар да іншага аператара, застацца ў сетцы УП "Велком" і карыстацца безліматам тэлефанаванняў і інтэрнэту за 1 рубель у месяц.

Як і ў ў выпадку з life:), аператару накіравалі папераджальны ліст, бо акцыя ўжо не праводзіцца. Пры гэтым МАРГ прызнае, што ёсць падставы для адміністрацыйнага працэсу. 

Кампанія "БеСТ" падала скаргу таксама на МТС — за акцыі "Welcome to MTS", "Застанемся сябрамі", "Сардэчна запрашаем у МТС!". Тут прапаноўвалася за 1 рубель у месяц атрымаць тэлефанаванні ва ўсе сеткі і безлімітны інтэрнэт. Гаворка ішла пра манапольна нізкія цэны на паслугі сотавай электрасувязі ў Гомелі і Светлагорску. 

Як і ў выпадку з "Вэлкомам", МАРГ абмежавалася лістом і прызнала, што ёсць падставы для адміністрацыйнага працэсу.