Падлетка з Гродна абвінавацілі ў стварэнні траяна Mamont
Хакер / pixabay.com
17-гадовы жыхар Гродна стаў фігурантам крымінальнай справы за распрацоўку шкоднай праграмы. Паводле версіі МУС, на замову знаёмага падлетак стварыў траян Mamont для Android. Яго распаўсюджвалі праз Telegram пад выглядам файлаў "Ты на фота" і "Відэа ДТЗ". Праграма магла перахопліваць SMS, збіраць звесткі пра праграмы на смартфонах і перадаваць даныя зламыснікам.
Паводле міліцыі, атрыманую інфармацыю выкарыстоўвалі для крадзяжу грошай з банкаўскіх рахункаў. Праваахоўнікі выявілі больш за 120 пацярпелых, а агульную шкоду ацанілі прыкладна ў 150 тысяч рублёў — крыху менш за 51 тысячу долараў. У МУС сцвярджаюць, што траян Mamont на працягу апошніх гадоў шырока распаўсюдзіўся ў краінах СНД. Пры гэтым сам падлетак на апублікаваным відэа заявіў, што займаўся супрацьпраўнай дзейнасцю каля года.
На фоне распаўсюджвання кіберзлачынстваў Генеральная пракуратура Беларусі мае намер прасоўваць ідэю асобнага нарматыўнага акта для барацьбы з імі. Паводле звестак Следчага камітэта, за першыя дзевяць месяцаў 2026 года на злачынствы з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій прыпала 35% ад агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў у краіне.