Жлобінцаў заклікаюць паведамляць пра выяўленыя маякі для дронаў
Абвестка ад БМЗ / t.me/bmz_life
Жлобінцаў заклікаюць паведамляць у міліцыю пра выяўленае "шкоднаснае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне". Адпаведная абвестка з'явілася ўвечары 15 кастрычніка ў тэлеграм-канале Беларускага металургічнага завода.
Як высветліла выданне "Зеркало", гаворка ідзе аб радыёмаяках для дронаў. На фота, якое выкарысталі ў тг-канале, паказаны дронавы радыёмаяк ад украінскай кампаніі Sine Engineering. Згадкі пра такое захопленае абсталяванне можна сустрэць у расійскіх тэлеграм-каналах. Мяркуючы па апісаннях, гэтая прылада дапамагае беспілотнікам арыентавацца ва ўмовах падаўлення GPS.
Дарэчы, украінцы неаднаразова выказвалі прэтэнзіі, што расійскія ўдарныя беспілотнікі атакуюць гарады Украіны з дапамогай рэтранслятараў на беларускай тэрыторыі.