Вы тут

Макей пра перамовы па інтэграцыі з Расіяй: прыйдзе час — і ўсе ўсё даведаюцца

Уладзімір Макей / З архіву Еўрарадыё

Беларусь і Расія працягваюць перамовы наконт магчымасцяў далейшай інтэграцыі паміж краінамі. Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паведаміў журналістам у кулуарах канферэнцыі "10 гадоў "Усходняму партнёрству": вынікі і перспектывы". 

"Мы сапраўды вядзём гутарку з нашымі расійскімі партнёрамі адносна таго, у якіх сферах мы маглі б працаваць больш эфектыўна разам і якія кірункі нашай інтэграцыі маглі б даць дадатковыя дывідэнды для развіцця нашых дзвюх краін", — патлумачыў дыпламат. 

Разам з тым ён адмовіўся ўдакладняць якія-небудзь дэталі гэтых перамоваў: "Прыйдзе час — і ўсе пра ўсё даведаюцца".

На пытанне, ці ёсць у гэтых перамовах патрабаванне абмежаваць беларускі суверэнітэт, Макей параіў вывучаць прамовы Аляксандра Лукашэнкі, які выказваўся на гэты конт.

Нагадаем, што падчас Паслання народу і Парламенту 19 красавіка 2019 года кіраўнік дзяржавы заявіў: "І той, хто сёння асмеліцца знішчыць Беларусь, сам па сабе — прэзідэнт, урад, яшчэ... — яны будуць праклятыя нашым беларускім народам. А хто асмеліцца гэта зрабіць сілай, яны атрымаюць наймагутны адказ ад нашага народа і перш за ўсё ад тых, хто нарадзіўся суверэнным і незалежным. Вось вам адказ на гэтае пытанне, калі хтосьці гэтага не разумее"