Лукашэнка заявіў, што коле дровы і раздае людзям у навакольных вёсках
Кіраўнік Беларусі прызнаўся, што ў сваёй рэзідэнцыі мае невялікую ферму. Там ён коле дровы і косіць траву, каб падтрымліваць добрую фізічную форму.
"Усе палі ў рэзідэнцыі ў ідэальным парадку, кашу, каб падтрымліваць форму. Ну, і ў мяне свая ж ферма — козы, авечкі, каровы, і таму часткова сам павінен забяспечваць кормам жывёл", — перадае interfax.by словы Аляксандра Лукашэнкі. Такая заява прагучала падчас гутаркі са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Па словах Лукашэнкі, фермай ён займаецца "не таму, што рабіць няма чаго, а таму што гэта для душы".
Таксама беларускі кіраўнік заявіў, што мінімум два-тры разы ў тыдзень коле дровы, "пакуль касіць няма чаго". З наколатых дроваў Лукашэнка крыху пакідае сабе для лазні, а астатняе, кажа ён, аддае людзям, які пражываюць побач у вёсках.
Фота — charter97.org