Лукашэнка вызваліў экс-кіраўніка райвыканкама ад крымінальнай адказнасці

Лукашэнка вызваліў экс-кіраўніка райвыканкама ад крымінальнай адказнасці

Пракуратура Брэсцкай вобласці спыніла крымінальную справу на экс-старшыню Камянецкага райвыканкама Андрэя Пісарыка. Гэта адбылося ў сувязі з тым, што ўказам кіраўніка дзяржавы ён быў вызвалены ад крымінальнай адказнасці, піша tut.by.

Пісарыка вінавацілі ў карупцыйных злачынствах — перавышэнні службовых паўнамоцтваў і і злоўжыванні імі.

Паводле следства, са снежня 2009-га па 16 снежня 2015 года чыноўнік незаконна загадваў кіраўнікам шэрагу суб'ектаў гаспадарання Камянецкага раёна прадастаўляць яму задарма матэрыяльныя каштоўнасці і паслугі. Шкода ад гэтых дзеянняў ацэньваецца на суму, крыху большую за 4 тысячы рублёў.

Таксама з 3 студзеня 2012 года па 2 снежня 2015 года ён неаднаразова ездзіў на аўтамабілях Камянецкага райвыканкама ў неслужбовы мэтах. Матэрыяльная шкода ад гэтых дзеянняў ацэненая ў суму 3030 рублёў.

Падчас расследавання Пісарык цалкам прызнаў сваю віну, поўнасцю кампенсаваў шкоду і звярнуўся з прашэннем аб памілаванні.

З прапановы Камісіі па пытаннях памілавання пры Адміністрацыі прэзідэнта Пісарык зрабіў добраахвотны ўнёсак у карысць дзяржавы ў памеры 14 171 рубель.

Пасля гэтага з'явіўся ўказ кіраўніка дзяржавы аб яго вызваленні ад крымінальнай адказнасці, а пракуратура Брэсцкай вобласці спыніла яго справу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі