Лукашэнка — пра вулічныя акцыі: "Не высоўвайцеся вы цяпер на вуліцы!"

Лукашэнка — пра вулічныя акцыі: "Не высоўвайцеся вы цяпер на вуліцы!"

14 жніўня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з членамі Савета бяспекі, прысвечаную вулічным акцыям.

Па яго словах, праблемы ёсць толькі ў Мінску. "Мы сёння ўжо абсалютна выразна бачым, што адбываецца. Бачым сёння дзеючых асоб. як мы і казалі, завадатарамі гэтага ўсяго і арганізатарамі з'яўляюцца людзі з замежжа. У першых шэрагах ідуць людзі з крымінальным мінулым, прытым прыстойным крымінальным мінулым. Ну і нашы — дзе дзеці, дзе не зусім ужо дзеці", — перадае БЕЛТА яго словы.

Лукашэнка заявіў, што не можа выказаць прэтэнзіі нікому. Але папрасіў міністра ўнутраных спраў, каб у яго падначаленых спрацоўвалі псіхалагічныя тармазы: "Адзінае, папрашу і міністра, і іншых: мы ўсё ж такі славяне, калі ўжо чалавек упаў і ляжыць, яго не трэба збіваць. Гэта значыць, павінен быць пэўны тормаз".

Ён заявіў, што пратэстоўцы нападаюць на амапаўцаў і міліцыянтаў са спіны. "І калі подла (гэта вось не па-мужчынску) заязджаюць са спіны і б'юць гэтых хлопцаў—міліцыянтаў... І хлопец напалам пераламаўся, пазваночнік паламаны, ён на ўсё жыццё Інвалід... Скажыце, а як маці гэтага дзіцяці? Так, дрэнна, што сінякі. Але сінякі пройдуць, а яго ўжо на ногі не паставіш. А пераламаных колькі ног, канечнасцяў! Амаль каля сотні чалавек пацярпелі!" — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Па яго словах, міліцыянты выйшлі, каб абараніць грамадзян, а ім у спіну сталі біць нажамі і заточкамі. 

Лукашэнка звярнуўся да беларусаў: "Не высоўвайцеся вы цяпер на вуліцы! Зразумейце, што вас і нашых дзяцей выкарыстоўваюць як гарматнае мяса! Сёння ўжо панаехалі сюды з Польшчы, Галандыі, Украіны, з гэтай "Адкрытай Расіі", Навальнага і гэтак далей і да таго падобнае. Ужо агрэсія пачалася супраць краіны".

Беларускі кіраўнік заявіў, што не намераны сядзець і чакаць. "Таму трэба спыніцца, узяць галаву ў рукі і супакоіцца. І даць нам навесці парадак, разабрацца з тымі, хто прыехаў сюды", — дадаў ён. 

Пратэсты супраць фальсіфікацыяў на выбарах, абвешчаных уладамі вынікаў і міліцэйскага гвалту працягваюцца ў Беларусі з вечара 9 жніўня. Акцыі пратэсту адбываюцца па ўсёй краіне. Падчас пратэстаў загінулі як мінімум тры чалавекі. З 13 жніўня буйныя прадпрыемствы ў розных гарадах сталі абвяшчаць забастоўкі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі