Лукашэнка: мы аддалі Ціханоўскай 15 тысяч долараў з дзяржпрадпрыемства

Лукашэнка: мы аддалі Ціханоўскай 15 тысяч долараў з дзяржпрадпрыемства

У ахове Святланы Ціханоўскай быў экс-міліцыянт, які кантактаваў з МУС, паведаміў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 9 кастрычніка. 

Лукашэнка паведаміў, што з Ціханоўскай планавалі зрабіць "сакральную ахвяру", а ён яе, маўляў, выратаваў. Па словах кіраўніка дзяржавы, ён даручыў, каб КДБ узяў пад ахову штаб апазіцыі. Для гэтага быў выкарыстаны спецназ КДБ "Альфа" — штаб ахоўвалі 120 чалавек. 

"50 замежных журналістаў туды звезлі разам з Ціханоўскай і іншымі. У так званай ахове Ціханоўскай быў былы супрацоўнік ці то міліцыі, ці то яшчэ нейкі. І ён патэлефанаваў у МУС: яго насцярожыла, што ў адным доме сабралі столькі людзей", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі. Ён заяўляе, быццам штаб збіраліся падпаліць і абвінаваціць у гэтым уладу.

А на наступны дзень Ціханоўская, кажа ён, папрасілася на прыём да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, пра што той пераказаў Лукашэнку. На сустрэчу адправіліся першы намеснік Караева і кіраўнік ААЦ. Ціханоўская, нібыта, папрасіла, каб ёй дапамаглі: "Калі ласка, перадайце прэзідэнту, я хачу з'ехаць з Беларусі: будзе бяда"

І ўлада, маўляў, пайшла насустрач гэтай просьбе. І нават дала Ціханоўскай грошы на дарогу: "І я аддаў распараджэнне: мы пад аховай, па яе жаданні, з людзьмі, пра якія яна папрасіла, каб яе суправаджалі, вывезлі ў Літву да дзяцей. І калі яна сказала, што ў яе няма грошай, каб там пражыць, я распарадзіўся, і з дзяржпрадпрыемства ўзялі 15 тысяч долараў і аддалі ёй. "Вялікі дзякуй вам", — плакала на шыі. Вывезлі", — расказаў Лукашэнка.

Таксама, нібыта, беларускай амбасадзе ў Літве даручылі дапамагчы Ціханоўскай з пераездам і пошукам кватэры. Але потым, маўляў, Ціханоўскую сталі кантраляваць спецслужбы Літвы. 

Застаецца адкрытым пытанне, чаму ўлады вывезлі Ціханоўскую ў Літву, а потым абвясцілі яе ў вышук па крымінальнай справе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі