Найбуйнейшы расійскі нафтазавод у Омску гарыць пасля ўкраінскай атакі

Украінскія дроны атакавалі Омскі НПЗ

Украінскія дроны атакавалі Омскі НПЗ / censor.net

Удзень 8 кастрычніка Украіна атакавала найбуйнейшы нафтазавод Расіі ў Омску.

Пра атаку ўкраінскіх беспілотнікаў заявіў кіраўнік расійскага рэгіёну Віталь Хацэнка, піша Moscow Times. Ён паведаміў, што ўсе аператыўныя службы пераведзены ў рэжым павышанай гатоўнасці. Перад гэтым улады рэгіёну заявілі пра абмежаванне мабільнага інтэрнэту і закрыцці Омскага аэрапорта.

Жыхары Омска расказалі пра серыю выбухаў побач з нафтаперапрацоўчым заводам.  "Там з труб дым. Чуваць было два выбухі", — перадае выданне Astra словы аднаго з іх.

Атаку на прадпрыемства пацвердзіў таксама ўкраінскі маніторынгавы канал Exilenova+.

Омскі НПЗ размяшчаецца прыкладна за 2,5 тыс. км ад мяжы з Украінай. Ён належыць "Газпром нафце" і з'яўляецца найбуйнейшым у Расіі: яго перапрацоўчая здольнасць дасягае 22 млн тон нафты ў год. На сайце прадпрыемства гаворыцца, што яно вырабляе "кожны шосты літр расійскага бензіну і дызельнага паліва пятага экалагічнага класа".

Сёлета ў ліпені ўкраінскія дроны ўжо атакавалі гэты завод і пашкодзілі ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты, што прывяло да спынення працы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.