Лукашэнка: Гэта галавацяпства, калі з БМП расстрэльваюць салдата на стрэльбах

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў трагічныя выпадкі ў войску. 

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён вельмі хваравіта ўспрымае, калі ў войску гінуць людзі, перадае БЕЛТА. "Гэта недапушчальна для мяне, як чалавека, які і тэрміновую службу адслужыў, і афіцэрам служыў у войску. Для мяне гэта недапушчальна, бо я ведаю, да чаго прыводзіць галавацяпства. Гэта галавацяпства, калі з БМП, буйнакалібернага кулямёта расстрэльваюць салдата на стрэльбах. Гэта нават не вучэнні", — абурыўся ён.

Як распавядала Еўрарадыё, трагічны выпадак здарыўся 4 красавіка пад Мінскам. Падчас стрэльбаў на палігоне загінуў 20-гадовы шараговец Дзмітрый Удод

"Тое ж самае і па Коржычу. Сітуацыя на маім кантролі, і там жорстка разбіраюцца. Абавязкова разбярэмся і трымаем у курсе справы маці, запрашаем на допыты. Абсалютна дэмакратычна усё гэта расследуецца, бо я не прымаю, калі ў мірны час нават у войску гінуць людзі", — закрануў ён другую нашумелую гісторыю.

Шарагоўца Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным увосень 2017 года. Пасля яго гібелі ў войску прайшоў шэраг праверак, звязаных з фактамі "дзедаўшчыны", былі пачатыя некалькі крымінальных спраў. 

Лукашэнка паведаміў, што ў войску вырашылі больш дэмакратычна ставіцца да наведвання вайскоўцаў бацькамі. Таксама ён выказаў меркаванне, што салдатаў варта часцей адпускаць на пабыўку дадому. "Чаму мы гэтых дзяцей не можам адпусціць у тыдзень раз ці два, як атрымаецца, калі ён заслужыў, дадому. Гэта ж Беларусь — кампактная краіна. Сёння дзве гадзіны — і ты на месцы. Пабыў дома, вярнуўся. Пяць-сем дзён ты там служыш, і ўжо лягчэй. Не тое што цябе з сям'і вырвалі ў гэтую казарму. Там, асабліва ў "вучэбцы", 100 чалавек у гэтай казарме, у два ярусы ложкі. Становішча прыгнятае. і не ўсе вытрымліваюць. Больш мяккія — ім цяжка. А гэта была б аддуха. Больш нічога не трэба. Зусім іншае войска будзе. Заслужыў — на здароўе, дзень-два пабудзь дома. І мы гэта пачалі рабіць. Вось такія змены адбываюцца", — распавёў беларускі кіраўнік.

Акрамя таго Лукашэнка закрануў мадэрнізацыю ва Узброеных Сілах. Ён паведаміў, што чатыры разы ініцыяваў рэформу ў войску. Цяпер асноўны акцэнт робіцца на мабільныя сілы.