Літва працягвае выдаваць візы беларусам, якім пагражае небяспека на радзіме
Літва працягне выдаваць візы беларусам, якім пагражае небяспека на радзіме, заяўляе МЗС Літвы. Ведамства абвяргае інфармацыю, быццам людзі, якія бягуць з краін з таталітарным рэжымам, не могуць трапіць у Літву.
"Пасля падзей у жніўні 2020 года ў Мінску Вільня стала найважнейшым цэнтрам дзейнасці беларускай грамадзянскай супольнасці. Дзясяткі беларускіх НКА і арганізацый грамадзянскай супольнасці, актывісты і незалежныя журналісты, якія не могуць працаваць у Беларусі, атайбаваліся ў Літве. Таму абвінавачанні, якія прагучалі апошнім часам у публічнай прасторы, што людзі, якія ратуюцца ад таталітарных рэжымаў, не могуць трапіць у Літву, не адпавядаюць рэчаіснасці", — гаворыцца ў заяве МЗС.
У ведамстве нагадваюць, што ў штаце амбасады ў Беларусі застаўся адзін супрацоўнік, а генконсульства ў Гродне было зачыненае. Адбылося гэта па патрабаванні беларускіх уладаў. Гэтыя меры значна абмяжоўваюць магчымасці па выдачы віз беларусам.
У МЗС таксама падкрэслілі, што сур'ёзна ставяцца да ўсіх пададзеных запытаў, правяраюць іх і выступаюць пасярэднікам толькі ў тых выпадках, калі запыты абгрунтаваныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.