Лідзія Ярмошына пажадала поспехаў на выбарах Таццяне Караткевіч

На афіцыйным сайце vybory2015.by з'явіўся відэазварот старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай.

Чыноўніца паведаміла, што неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў выбарцаў змаглі здаць ініцыятыўныя групы пяці прэтэндэнтаў. Гэта групы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі (1 млн 761 тыс. подпісаў), старшыні Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўнага атамана РГА "Беларускае казацтва" Мікалая Улаховіча (амаль 160 тыс.), старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча (больш за 140 тыс.), эканаміста Віктара Цярэшчанкі (130 тыс.) і актывісткі грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Таццяны Караткевіч (107 тыс.).

Камісіі будуць правяраць сапраўднасць подпісаў да 10 верасня.

У сваёй прамове кіраўніца ЦВК адзначыла, што асабліва радая за Таццяну Караткевіч: "Я вельмі радая перш за ўсё за спадарыню Караткевіч, бо гэта першы магчымы кандыдат у прэзідэнты — жанчына ў гісторыі Рэспублікі Беларусь. Я жадаю поспехаў гэтаму кандыдату. Менавіта яна з'яўляецца тым новым, асаблівым паваротным момантам у гісторыі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, перш за ўсё таму, што яна — жанчына".

Таксама Ярмошына падзякавала беспрацоўнай настаўніцы з Брэста Жанне Раманоўскай, чыя група сабрала толькі 780 подпісаў.

Старшыня ЦВК адзначыла, што астатнія кандыдаты не змаглі альбо не захацелі здаваць подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Нагадаем, што ў выбарчай кампаніі ўдзельнічалі яшчэ старшыня Абя'днанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін. Абодва яны заявілі, што не змаглі сабраць 100 тысяч подпісаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі