Вы тут

Lenta.ru назвала беларусаў, якія адзначалі Дзень Волі, "бацькавымі нацыстамі"

"Бацькавы нацысты” па версіі Lenta.ru

Lenta.ru апублікавала вялікі крытычны артыкул аб святкаванні Дня Волі-2018. Цяпер можна з упэўненасцю казаць, што тое, як у Беларусі адзначылі стагоддзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, расіянам вельмі не спадабалася. Людзей, якія прыйшлі на канцэрт і мітынг да Опернага тэатра ў цэнтры Мінска, расійскі сайт назваў "Бацькавымі нацыстамі", а на аднаго з арганізатараў акцыі Эдуарда Пальчыса павесілі цэтлікі "радыкальны нацыяналіст" і "адкрыты русафоб". Ды і URL артыкула з дзіўным словам "belonazi" (а "nazi" — гэта нацысты, а не нацыяналісты) кажа пра многае.

У артыкуле распавядаецца пра гісторыю "беларускага нацыянальнага праекта" і пра тое, як Аляксандр Лукашэнка з сярэдзіны 2000-х нібыта ішоў да таго, каб зрабіць нацыяналізм "механізмам ўнутранай палітыкі". Тэкст утрымлівае красамоўныя падзагалоўкі: "Разварот Лукашэнкі", "Проста свята нейкае!", "Забойцы рускага міру".

Дзень Волі 2018 у Мінску. Фота: Еўрарадыё

Прапануем вам найбольш паказальныя фрагменты:

"Сапраўдны ўсплёск нацыяналістычных настрояў здарыўся неўзабаве пасля ўз'яднання Крыму з Расіяй. Беларускія ўлады вырашылі, што крымскі сцэнарый можа быць ужыты і да іх, і гарантыяй ад гэтага палічылі распаўсюджванне ў грамадстве нацыяналістычных і русафобскіх ідэй. У 2015 годзе Лукашэнка запатрабаваў, каб беларускія спецслужбы прынялі гранічна жорсткія меры ў дачыненні да мясцовых прарасійскіх актывістаў. "Знайсці гэтых чарносоценцаў, якія не толькі бегаюць па лясах, але і плявузгаюць (паклёпнічаюць) пра Беларусь, прыняць адпаведныя меры і далажыць, — загадаў Лукашэнка. — Калі ў вас ёсць факты, што недзе там па лясах нейкія чарнасоценцы бегаюць, мы іх хутка вылавім. Тое, што супярэчыць суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, тое, што ляжыць у інтарэсах народа, будзе выкарчаванае з коранем". Пазней прэзідэнт загаварыў пра неабходнасць укараняць у беларускія розумы “здаровы нацыяналізм”".

"Беларускі нацыяналізм развіваецца па ўкраінскім узоры, пра што, у ліку іншага, сведчаць “Дні вышыванак”, якія штогод праходзяць у Беларусі пры падтрымцы ўладаў. Асабліва ярка такі дзень прайшоў ў 2014 годзе, калі ў цэнтры Мінска, літаральна за два крокі ад акадэміі МУС, арганізатары свята выставілі на продаж не толькі нацыянальную вопратку, але і шаўроны з партрэтамі мясцовых гітлераўскіх калабарацыяністаў, у тым ліку Міхаіла Вітушкі, якога нацыянал- радыкалы лічаць кімсьці накшталт беларускага Сцяпана Бандэры".

Фота: Еўрарадыё

"У такім становішчы заканамерна змянілася і стаўленне афіцыйнага Мінска да гістарычнай ролі Беларускай Народнай Рэспублікі. Калі раней яна ацэньвалася скептычна, то цяпер яе абвясцілі адным з этапаў станаўлення сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Пра гатоўнасць адзначыць стогадовую гадавіну абвяшчэння БНР раптам абвясцілі кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава і міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. “Адным з такіх кансалідуючых беларусаў фактаў з'яўляецца 25 сакавіка 1918 года. Гэта ўлады не толькі ўсвядомілі, але і прынялі як факт, — заявіў з гэтай нагоды дэпутат беларускага парламента Валерый Варанецкі. — Што гэты дзень для нас, свята ці пратэстная акцыя? Калі мы кажам, што гэта свята, а мы кажам, што гэта свята, то давайце святкаваць!”".

Выснова, да якой прыходзіць аўтар артыкула:

"Тое, што адбылося 25 сакавіка ў Мінску па сутнасці пазначыла кардынальнае змяненне адносін кіруючага рэжыму і прыхільнікаў нацыяналістычных рухаў. Улада прапанавала радыкалам, і ў першую чаргу нацыяналістам, новы пакт: мы цалкам легалізуем вашу актыўнасць, а вы пераходзіце ад супрацьстаяння з дзяржавай да супрацоўніцтва з ёй. У гэтым плане дзіўнай і не зусім адэкватнай ўяўляецца рэакцыя некаторых расійскіх СМІ, якія пачалі казаць пра перспектывы беларускага майдана. Пры існуючых тэндэнцыях парадыгма развіцця беларускай дзяржавы і грамадства ўжо ў блізкай перспектыве зменіцца сама сабой, без усялякіх майданаў. Контуры будучай постлукашэнкаўскай Беларусі праглядаюцца ўсё выразней, і гэтая карціна не дае падстаў для аптымізму".