Kriwi: настрой дваровага вяселля ў цэнтры еўрапейскага мегаполiса (фота)

Вечар серады. Ганак кнігарні “ЛогвінаЎ”. Kriwi прэзентуюць новы альбом Traukamurauka для невялікага кола сяброў і прыхільнікаў. Незвычайны для сур’ёзнага Мінска фармат прэзентацыі бачыцца цалкам натуральным большасці прысутным.

“Гэта частка гарадской культуры, — кажа пра прэзентацыю аўтар вокладкі першага альбома Kriwi, мастак Ігар Корзун. — І вельмі хацелася б, каб у Мінску гарадская культура адрадзілася. Таму што на сённяшні момант, калі шпацыруеш па старых аўтазаводскіх акраінах, ці Сяльгаспасёлку, ці раёнах зусім старой прамзоны, то гарадской культуры ў тых месцах значна болей, чым у цэнтры. Тым больш, цяпер лета! Хочацца, каб летам было жыва, весела, яскрава і светла. Магчыма, можна гаварыць, што гэта, уласна, і ёсць тая частка еўрапейскасці нашага горада, а не вялікія шкляныя будынкі”.

Kriwi граюць акустычную версію новай пласцінкі. Да Веранікі Кругловай і Насты Хмель, якія прыехалі для імпрэзы з-за мяжы, далучаюцца Карэн Карапецян, Ігар Гарбачэўскі, Раман Цябут, Валерыя Валадзько. Атмасфера, з аднаго боку, нагадвае звыклы для Еўропы выступ прафесійных музыкаў на вуліцы. З іншага — забытыя вяселлі ў дварах, калі можна было з-за плота назіраць за святочнай эпапеяй.

“Мне гэта нагадвае вяселле, якое гралі ў двары, — ўзгадвае глядач Алег Пятровіч.Народ збіраўся і балдзеў: стаялі, слухалі, спявалі. А яшчэ прасілі “вынесці””.

Не абыходзіцца без старых любімых “Коцік”, “Агу, вясна”, “За туманам”, а таксама без Сашы Памідорава — і ён заспяваў на новай пласцінцы. Па просьбе жыхароў суседніх дамоў, якім не чуваць тэлевізара з-за гучнай музыкі, Kriwi інтэлігентна сцішваюцца. Аднак энергетыка і драйв каманды нікуды не знікаюць.

“Мне вельмі цікавым падалося ўсё гэта: у цэнтры горада, у сярэдзіне тыдня, у сярэдзіне двара, — цешыцца пасля канцэрту Вераніка Круглова. — Мне падаецца, што людзі не даходзяць да клубаў, на жаль. Таму сюды прыйшлі тыя, хто нас любіць. Мы збіралі сяброў, мы хацелі тусануцца, паджэміць, парагатаць. Гэта была імправізацыя. Аднак мінчукі гатовыя да такога роду імпрэз. Галоўнае, што яны сабраліся і радаваліся. Вось гэта і ёсць падарунак, і ёсць шчасце”.

Спецыяліст па рэкламе Юля Ляшкевіч мае доўгую гісторыю стасункаў і працы з Kriwi. І лічыць сённяшнюю прэзентацыю абсалютна натуральнай для Мінска — “цудоўнага адкрытага, шырокага горада, у якім добра гучыць музыка”.

“Мая вялікая мара — гэта такое вяртанне “Крыві”, як Sex Pistоls, — нечакана прызнаецца Юля.Я размаўляла з кожным з іх — з Выдронкам, Вайцюшкевічам, Веранікай і пыталася: калі? І кожны нібыта не супраць. І я спадзяюся, што аднойчы гэта здарыцца. У мяне ёсць любімая песня — гэта “Коцік” — лепшая з лепшых, абсалютна цудоўная. Ну і Kriwi — гэта, натуральна, ужо класіка. Яны могуць дазваляць сабе любыя эксперыменты, рабіць усё, што заўгодна, таму што маюць такое імя!”

Гучыць развясёлая, акапэльная “Надзенька-стаматолаг”. Вакол танчаць і размаўляюць прыгожыя людзі. Высока ў небе шчабечуць ластаўкі. Наступны раз Kriwi збіраюцца “запаліць” у Шаблях напрыканцы лета: прэзентуюць альбом на вялікай сцэне і адсвяткаваць 15-годдзе гурта.

Сапраўдная Надзенька-стаматолаг

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі