Вы тут

“Не хачу, каб была “Вераніка Круглова і падпевачка”

Вераніка Круглова жыве ў Берліне больш за дзесяць гадоў. Некалькі разоў на год спявачка прыязджае ў Мінск граць канцэрты і запісваць новыя песні. Цяпер яшчэ ― і для ўдзелу ў адраджэнні "супольных музычных праектаў" ― “Святы вечар” і “Народны альбом”. А ўвогуле, гурту Kriwi сёлета спаўняецца дваццаць гадоў! Размаўляем з Веранікай пра тое, як змяніўся Мінск з моманту яе пераезду ў Берлін, чым будзе адметная новая кружэлка Kriwi і якая тэмпература паветра ў яе кватэры ў Берліне. 

Слухаць размову цалкам:

10 цікавых цытат з размовы з Веранікай Кругловай:

 

Адраджэнне “Народнага альбома” стала вялікім сюрпрызам. Не ўяўляла, што гэта будзе. Прыехала ў Польшчу ― а там такое! Самыя прафесійныя музыкі, шыкоўныя бэк-вакалы, касцюмы, грымёры… Я баялася, што мы згубім атмасферу таго “Народнага альбома”. Але гэтага не здарылася.

Нашы старыя супольныя праекты варта адраджаць. А ўзнаўленне “Я нарадзіўся тут” цяпер будзе ўвогуле актуальным.

Я люблю сумесную творчасць, і астатніх удзельніц Kriwi прымушаю саліраваць ― мы цяпер на роўных. Не хачу, каб была “Вераніка Круглова і падпевачка”. Таму я згодная на калабарацыі. Я б з задавальненнем сабрала ўсіх прадстаўнікоў беларускай world-music і замуціла б круты праект.

Раней у Kriwi мы вельмі шмат крычалі. Галасілі гэтымі народнымі галасамі да пасінення. Цяпер усе песні ў нас выконваюцца павольна, пяшчотна, па-жаночы. Мы з задавальненнем эксперыментуем з галасамі. Наш новы альбом ― пра любоў, пра нашы мары, нашы пакуты. Усё круціцца вакол жанчыны, вакол жанчыны-маці.

У нас ва ўсіх аднолькавыя праблемы ― гэта грошы. Мы б сто альбомаў запісалі. Але вялікая колькасць таленавітых людзей сядзіць з дзіркай у кішэні і не можа проста рэалізаваць ніводнай сваёй мары. Новую кружэлку мы часткова запісалі, мы яе граем. Але няма грошай яе скончыць і выпусціць.

Я б з задавальненнем паклала сваю працоўную кніжку тут, у якім-небудзь музычным ці творчым аб’яднанні і працаўладкавала б сваіх музыкаў. Я нават не ведала, што ў Беларусі беспрацоўныя людзі мусяць яшчэ і падатак плаціць. На Захадзе ― наадварот, беспрацоўныя атрымліваюць дапамогу, каб не выпасці з сістэмы, не пайсці на вуліцу. Людзей падтрымліваюць. Для мяне гэта не тое, што дзіўна, для мяне гэта страшна.

Былі спробы ў нашага гукарэжысёра і кампазітара Сяргея Паўлава, які запісаў наш мінулы альбом і піша цудоўныя песні і аранжыроўкі, атрымаць статус творчага работніка. Ён насіў туды талмуды, але яму адмовілі. Усё гэта выглядае сумна. А суддзі хто?

Сярэдні мінчанін стаў іншым, і ў ім ёсць шмат незнаёмага для мяне. Але мой Мінск для мяне не мяняецца, бо не змяняюцца мае прыярытэты і акружэнне.

У Берліне прасцей выйсці на вуліцу і пайграць, перакантавацца, але музыкам даводзіцца шмат працаваць і падпрацоўваць паўсюль. Бо выжыць складана. Я і выкладаю, і выступаю, і ўдзельнічаю ў розных праектах.

Я не таплю ў сябе дома. Мне тут у Мінску ў кватэрах горача, я да каго ў госці ні прыходжу, прашу даць мне халат і тапкі. У Берліне ў мяне дома 18 цяпла. І яшчэ я езджу на ровары ― гэта і эканомія і задавальненне.