Крама: Свініна за паўтара месяца падаражэла з 85 да 140 тысяч за кіло

За апошні месяц-паўтара свініна адбіўная вырасла ў цане з 85-90 тысяч рублёў да 140 тысяч за кіло. Акрамя таго, мяса ў некаторых крамах ды на рынках не хапае.

На недахоп свініны на прылаўках скардзяцца і пакупнікі, і прадаўцы.

1“У мяне цяпер праблемы са свінінай! Свініну нам не даюць! — кажуць Еўрарадыё ў бабруйскай краме “Цымус”, што працуе ад мясцовага мясакамбіната. — У мяне толькі рулька, шашлык, рагу, іншым разам трапляюцца рэбры. Лапатка, шыя, паляндвіца — гэтага няма ўжо болей за месяц. Уся свініна, што ёсць, ідзе на вытворчасць, на вяндліны, едзе ў Расію. А субпрадукты — рукі-ногі — гэта ёсць. Можна сказаць, ужо два месяцы такая праблема. Заяўкі пакідаем на фарш, а заяўка не выконваецца. З ялавічынай праблем няма, але гэта дорага, і не кожны яе бярэ”.

На сталічнай Камароўцы ў аўторак, 20 траўня, прадаўцоў свініны небагата, часцей прапаноўваюць ялавічыну. Прадаўцы кажуць, што цяпер паўпустыя вітрыны — звычайная з’ява. Пытаюся, мо паўплывала тое, што працуюць пасля выхадных. Аказваецца, не.

“Свініны няма, цяпер гэтак жа і ў крамах. Закупачныя цэны выраслі, арэнда паднялася, вось адсюль і цэны”, — кажа прадаўшчыца і раіць не звяртаць на цэннікі ўвагі — аддасць са зніжкай.

На недахоп свініны ў крамах скардзяцца і ў Мінску, і ў Брэсце, і ў Гродне — вінавацяць ва ўсім афрыканскую чуму свіней, што пранеслася па краіне ў мінулым годзе.

“Свініны ў краіне не хапае катастрафічна. Але, думаем, сітуацыя выправіцца, трэба трошкі пачакаць — свінні ж хутка вагу набіраюць”, — на Бабруйскім мясакамбінаце не страчваюць аптымізму. Тут скупляюць свіней і ў калгасах, і ў прыватнікаў.

У сталічнай краме “Суседзі”, што ля плошчы Перамогі, расказваюць, што свініны ў іх хапае — Мінскі мясакамбінат працуе добра, але звяртаюць ўвагу на цэны.

“Свініна… адбіўная са скурай — 142 тысячы, але таксама бяруць! Раней каштавала 85-90 тысяч рублёў”, — расказваюць прадаўшчыцы і прапануюць сваю версію таго, чаму выраслі цэны. Рэч і не ў афрыканскай чуме, праз якую свіней стала проста меней: “Мо гэта праз чэмпіянат свету неяк? Вялікі аб'ём ідзе на асабістую вытворчасць, трэба ж усім дагадзіць. Але калі бяруць — няхай бяруць”.

Прыблізныя цэны на Камароўскім рынку на свініну: шыю прадаюць па 120-180 тысяч за кіло, філе — 140-150 тысяч, за кілаграм грудзіны, лапаткі, рэбраў просяць у сярэднім 85-90 тысяч. Цікава, што ў чэрвені мінулага года па такіх цэнах прадавалася ялавічына.

 Фота зроблена ў чэрвені 2013 года

Нагадаем, з 1 красавіка цэны на мяса ўжо не пад кантролем дзяржавы. За гэты час цана на тую ж свіную адбіўную ў асобных крамах вырасла прыкладна на 67%.

У прэс-службе Мінгандлю Еўрарадыё заўважаюць: ніякіх праблем з пастаўкамі свініны ў крамы не існуе.

“Рэсурсаў хапае, надбаўкі мы не змянялі. А калі праблемы са свінінай узнікаюць, як вы кажаце,  прадаўцам трэба больш актыўна шукаць пастаўшчыкоў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі