“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

"А што такое Асмалоўка? Я 50 гадоў тут жыву — першы раз чую. Мы называем проста — вуліца Кісялёва і Камуністычная", — так сустракае нас жыхарка мінскага раёна, які ў чарговы раз сабраліся зносіць. Пагутарыць пра магчымыя перамены з мясцовымі тут больш верагодна, чым пачуць нейкія гісторыі, звязаныя з Асмалоўкай. Але кожны з суразмоўцаў Еўрарадыё ўсё ж распавёў дэталі, з якіх зразумела, што такое Асмалоўка, і чаму яе важна захаваць.

“На Новы год мы заўсёды рабілі шашлыкі — пах быў, нібыта дачны сезон на вуліцы, а потым у вакно падавалі іх на святочны стол”

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Васіль Кічаеў і дачка Насця, другое і трэцяе пакаленне Асмалоўкі. Васіль памятае раён у дэталях, хоча, каб у дамах правялі капітальны рамонт.

Я нарадзіўся тут у 82-м годзе. І за ўвесь гэты час нас зносілі ўжо разоў пятнаццаць. Надакучыла чакаць гэтага зносу. Але па тым, што цяпер пішуць у інтэрнэце, бачна, што пагроза больш рэальная. Натуральна, намалявалі прыгожы будучы праект, але тут жа каштоўнасць не ў дамах, а ў самой душы. У гэтага раёна ёсць душа. У мяне дзіцяці шэсць гадоў. Выпусціў на вуліцу, і яна гуляе сама.

Я калі быў малым, мы гулялі тут паўсюль, па Кісялёва пешшу хадзілі, бо машын не было. Тут было настолькі добра! Нібыта цэнтр, а адчуваеш сябе як за горадам. Глядзіце, вось тут да рамонту была вялікая пляцоўка. Тыя, хто быў старэйшы, гулялі ў манеты, у ножыкі, малыя — у цюшкі. Вакол дома, які стаіць разбураны, раслі каштаны, і яго называлі каштанавым домам. А вось тут стаялі гаражы, і дарослыя заўсёды там сядзелі, бо любімай справай было пакалупацца ў савецкім аўтапроме. Яшчэ мы гуляі ў футбол, бадмінтон, выдумлялі гульні: не было інтэрнэта, было шмат фантазіі. Мы кралі на будоўлях карбід, клалі яго ў бутэлькі з-пад шампанскага, узрывалі — тэрыторыя былога бамбасховішча была нашым мясцовым палігонам. Ля майго дома на Новы год заўсёды рабілі шашлыкі — пах быў, нібыта дачны сезон на вуліцы, а потым у вакно падавалі іх на святочны стол.

 

“Калі з'явіўся тут першы тэлевізар, усе прыходзілі са сваімі табурэткамі яго глядзець”

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Зоя Канстанцінаўна жыве ў “ваенным” доме з 1949-га года. Любіць Асмалоўку за інтэлігентнасць. Але лічыць, што раён трэба зносіць, бо жыць у дамах небяспечна.

Я стаўлюся да гэтага месца, як некалі да самага інтэлігентнага і самага спакойнага ў Мінску. Таму што тут былі ведамасныя дамы юрыдычнага і палітэхнічнага інстытутаў, міністэрства энергетыкі і міністэрства культуры, саюза мастакоў, Акадэміі навук. Уяўляеце, якая публіка тут жыла? А паколькі дамы ведамасныя, тут усе ведалі адно аднога. Калі правялі першы тэлефон, усе маглі прыйсці патэлефанаваць. Калі з'явіўся першы тэлевізар, які набылі дацэнт і яго жонка-адвакатка, усе прыходзілі са сваімі табурэткамі глядзець тэлевізар. Масавых застолляў не было. Гэта зялёны, ціхі, спакойны раён без скандалаў. Калі дамы перадалі ў выканкам, іх пачалі засяляць кім заўгодна. Але раён па-ранейшаму ціхі. Хаця, я лічу, што гэты раён трэба зносіць. Бо тут дамы, наш, у прыватнасці, з драўлянымі міжпавярховымі перакрыццямі, тэхнічны тэрмін службы якіх 60 гадоў. Мы перавысілі гэты тэрмін, мы можам праваліцца ў любы час. Таксама трэба нешта рабіць з праездамі да нас: хуткая дапамога не можа праехаць, бо Багдановіча і Куйбышава ў корках.

 

“Гэта самы каціны раён у Мінску. Калі нехта хоча выкінуць ката, дык звычайна сюды прывозяць”

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Антон у Асмалоўцы нядаўна — пераезд сюды быў асэнсаваным выбарам. Праводзіць час у двары з сынам Пашам. Кажа, што гатовы скінуцца на капітальны рамонт дома.

Я тут жыву два гады. Гэта самае зялёнае і самае ціхае месца ў Мінску: школа побач, гістарычны цэнтр, усё блізка, дзецям добра тут гуляць, нізкая шчыльнасць насельніцтва, двухпавяровікі — таму і выбралі гэты раён. Калі я жыў у шматпавярховіку, мы не ведалі, хто жыве пад намі. А тут ведаем усіх у доме, і ў суседніх дамах. Раён даволі актыўны, тут пастаянна праходзяць нейкія сустрэчы, святы для дзяцей праводзяцца. А яшчэ гэта самы каціны раён у Мінску. Калі нехта хоча выкінуць ката, дык звычайна сюды прывозяць, лічаць, што тут яны выжывуць. Нас усё задавальняе. Але было б някепска, каб б зрабілі капітальны рамонт у дамах, няхай нават на кошт жыхароў, мы гатовыя заплаціць. Гэта адно з лепшых месцаў у Мінску, калі знясуць, будзе сумна. Што наступнае?

 

“Хадзілі на Дні нараджэння не толькі ў свой дом, але і ў суседнія”

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Валянціна Рыгораўна хавае свой узрост, але прызнаецца, што жыве ў Асмалоўцы 43 гады. Прысела на лаўцы пагутарыць з суседкай. Пераязджаць адсюль нікуды не збіраецца.

Мне вельмі падабаецца тут з першага дня. Бо добра сустрэлі суседзі, тут зеляніна, свежае паветра. І самае галоўнае — была праца недалёка. Па Кісялёва хадзіў 38-мы аўтобус, я сядала на прыпынку і даязджала прама датуль. Чаго яшчэ жадаць? Мы ведаем, што гэтыя дамы будавалі палонныя немцы. А вось у доме, які стаіць закінутым, калі яго “закалацілі”, газ не адключылі. Жыхары суседняга дома пісалі паўсюль: "Як так, бамжы там начуюць, а газ не адключаны?!". І толькі пасля гэтага вырашылі праблему… У нас шмат фруктовых дрэваў, якімі карыстаюцца ўсе, хто ідзе міма. А яшчэ мы некалі хадзілі на Дні нараджэння не толькі ў свой дом, але і ў суседнія. Бо сябравалі. І усе разам хавалі сваіх суседзяў. Дагэтуль выходзім праваджаць..

 

“Тры кватэры на лесвічнай клетцы. Я ў дзіцянстве заходзіў ва ўсе тры, мог паабедаць тры разы”

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Уладзімір нарадзіўся насупраць Асмалоўкі на вуліцы Кісялёва, але лічыць яе сваім раёнам. Гуляе тут штодня з сабакам Жанам. Мяркуе, што Асмалоўку трэба пакінуць, але зрабіць з яе дзелавую альбо крэатыўную прастору.

Жыццё ў Асмалоўцы і насупраць нічым не адрознівалася. У мяне тры кватэры на лесвічнай клетцы. Я ў дзіцянстве заходзіў ва ўсе тры, мог паабедаць тры разы. Дзверы не зачыняліся ніколі, усе сябравалі, святкавалі разам святы. Цяпер, можа, не так, але ўсе ў добрых адносінах. Сюды, у Асмалоўку, шмат хто прыходзіць проста пагуляць, бо тут утульна. Пакуль да зносу далёка. Гадоў пяць да размоваў, тры — да рэалізацыі. Але раён нельга выратаваць. Дамам па 60 гадоў. Куды іх ратаваць? Хто дасць грошы на рэканструкцыю? Ніхто — самі жыхары траціць на гэта грошы не будуць. Гэта збоку яны выглядаюць больш-менш. А зайдзіце ў пад'езды. Трэба быць рэалістамі. Каб захаваць гэты раён, трэба, каб усе адсюль пераехалі, і яго ператварылі ў паў-дзелавы, паў-мастацкі цэнтр. Я супраць зносу, бо ў нас хапае месцаў ў Мінску, якія можна забудаваць. Будзе сумна, калі тут узнікне такі ж квартал, як на Старажоўцы — ну проста ні аб чым.

 

“Гэта як такая вялікая амаль сям'я”

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Велізар і Мілана гуляюць на дзіцячай пляцоўцы, якую тут зусім нядаўна пабудавалі. 26-га чэрвеня Мілана, як і ўсе яе суседзі з дома па Кісялёва, 27, будзе ў выканкаме адстойваць Асмалоўку.

Набылі кватэру менавіта тут тры гады таму, бо гэта цэнтр, зялёная зона, чыстае паветра. І ўвогуле, я люблю старыя дамы, сталінкі люблю. Я нарадзілася тут побач, на Кісялёва, на плошчы Перамогі. А дзіця маё нарадзілася на наступны дзень пасля пераезду сюды, на Асмалоўку. Перад тым, як набываць кватэру, мы даведваліся наконт зносу, але нам сказалі не замарочвацца, маўляў, ніхто вас не будзе зносіць. Я, як і ўсе, супраць зносу Асмалоўкі, бо хацелася б, каб пакінулі нейкую каштоўнасць гэтаму гораду. Натуральна, трэба абнавіць дамы. Але ў нас усе суседзі адэкватныя людзі, амаль усе маладыя, займаюцца сваім бізнесам. Мы нават самі хацелі зрабіць рамонт у пад'ездзе, абмяркоўвалі гэта. Тэрыторыю вакол дома пастаянна прыбіраем, упарадкоўваем, глядзім за ўсім. І, думаю, паступова мы б маглі сваімі сіламі гэты дом прывесці ў парадак. Мы ўсе ў добрых адносінах. Святкуем разам Дні нараджэння дзяцей. Гэта як такая вялікая амаль сям'я.

 

“Самае прыемнае у Асмалоўцы — пачатак лета і пахі: бэз, язмін і акацыя...”

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Галіна Пятроўна жыве тут з дзяцінства. Палівае кветкі на клумбе перад домам са старой каструлі, якая стаіць на падваконні. Не бачыць у Асмалоўцы гісторыка-культурнай каштоўнасці, маўляў, што будзе, тое будзе.

Самае прыемнае у Асмалоўцы — пачатак лета і пахі: бэз, язмін і акацыя... Паглядзіце, якая ружа! Яшчэ мая мама гэты кветнік пачала садзіць, шкада кідаць. Тут маё дзяцінства прайшло, гэта мой двор... Раней іншы час быў, і стасункі іншымі былі. Тут невялікі дом, дык усе ведалі не тое, што адно аднаго, а нават радню суседзяў. Гэта было ў парадку рэчаў… Цяпер многія зрабілі класныя рамонты. Але мяне асабіста напружваюць калонкі і катлы, асабліва зімой страшна. А наконт гэтага рашэння... Гэтае пытанне падымалася дваццаць гадоў таму... Але побач тралейбусны парк. Колькі гадоў як яго выселілі? А тут трэба ўсё знесці і рассяліць людзей, якія ўсё жыццё жылі ў цэнтры. Гэта вайна будзе. Аднак я спакойна да гэтага стаўлюся. Што будзе, тое будзе. Кажуць, што гэта культурна-гістарычны цэнтр. Ну якая тут культура? А гісторыя на кожным кроку ў Мінску...

 

"Вось гэтае кацяня — дзядзька майго ката. Яго нарадзіла бабуля Рыжыка"

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

А гэта Ліза. Ёй дзесяць. Яна з'явілася на свет у Асмалоўцы, але напрыканцы лета з сям'ёй пераязджае ад бабулі ў новую кватэру на Чкалава. 


Тут у мяне многа сяброў: Арцём, Мілана, Насця, Паша, Мацвей, Даша, Вара. Мы любім катацца на роліках і на роварах. Гуляцца у краму і з катамі. У мяне тры каты: Каця, Сняжок і Рыжык. Адзін на новай кватэры і два тут. Вось гэтае кацяня — дзядзька майго ката. Яго нарадзіла бабуля Рыжыка. У яго ёсць яшчэ два браты і адна сястрычка, напэўна. Мы пераязджаем на новую кватэру, але на выхадных будзем сюды прыязджаць. І ў школу буду ездзіць сюды. Калі я яшчэ не нарадзілася, у маёй бабулі было шмат катоў, яна іх раздавала. А адно, самае прыгожае кацяня, пушыстае, раздушыла машына.

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Большасць жыхароў Асмалоўкі пераконваюць, што нічога б не хацелі змяніць у сваім раёне, маўляў, няхай будзе так, як было некалі задумана. Адзінае, кажуць, добра, калі дзяржава зробіць у іх дамах капітальны рамонт, пакладзе асфальт, пафарбуе дамы нармальнай фарбай, і “гэта будзе маленькая Швейцарыя. Дзе народ стане тусавацца і хадзіць на экскурсіі”.

“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”
“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”
“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”
Дзеці гуляюцца ў краму
“Калі ў Асмалоўцы з'явіўся першы тэлевізар, усе суседзі прыходзілі яго глядзець”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі