Вы тут

Бузоўскі: Пытанне зносу Асмалоўкі пакуль не стаіць

Фота: Holiday.by

Канчатковае рашэнне па мінскім мікрараёне Асмалоўка пакуль не прынятае, паколькі дэтальны план у чарговы раз накіраваны на дапрацоўку. Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё паведаміў старшыня Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Ігар Бузоўскі.

“Калі пытанне аб зносе або будаўніцтве на тэрыторыі Асмалоўкі падымецца зноў, пра гэта ва ўстаноўленым парадку даведаюцца прадстаўнікі і жыхары мікрараёна, — абяцае ён. — Потым у чарговы раз пройдуць грамадскія абмеркаванні, але пакуль пытанне зносу не стаіць”.

Асмалоўка — раён у цэнтры Мінска, пабудаваны пасля Другой сусветнай вайны для кіруючай эліты краіны. Гарадскія ўлады планавалі знесці старыя дамы, але жыхары змагаюцца за прызнанне забудовы ў межах вуліц Багдановіча—Кісялёва—Куйбышава—Камуністычнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю.