Вы тут

Качанава абурылася ўмовамі працы на заводзе ў Гомелі: "Такога быць не павінна!"

Наталля Качанава на заводзе вымяральных прыбораў у Гомелі / БЕЛТА

Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава 3 траўня наведала Гомель, інфармуе БЕЛТА.

Сярод іншага яна прыехала на завод вымяральных прыбораў. Там высокапастаўленая чыноўніца раскрытакавала як кіраўніцтва прадпрыемства, так і мясцовыя органы ўлады і курыруючы рэспубліканскі орган — Мінпрам. 

На прадпрыемстве працуюць 200 чалавек. Тут выпускаюць ліфтавыя кнопкі, розныя вымяральныя прыборы, сушыльныя шафы ды шэраг іншых тавараў. Па выніках працы I квартала рэнтабельнасць завода склала мінус 2%, на складах — вялікія запасы гатовай прадукцыі. Адзначыла Качанава і нездавальняючы стан вытворчых плошчаў. 

Акрамя таго яна раскрытыкавала і выкананне тэхнікі бяспекі, і санітарны стан памяшканняў. Умовы, у якіх працуюць работнікі завода, яе абурылі. "Такога быць не павінна!" — заявіла кіраўніца Адміністрацыі. 

Асобную ўвагу чыноўніца звярнула на тое, што на інфармацыйных стэндах размешчаны даўнія, часам ужо выцвілыя матэрыялы.

Яна запатрабавала ад кіраўніцтва завода ліквідаваць недахопы ў самыя кароткія тэрміны. Напрыклад, для ўборкі тэрыторыі завода, патлумачыла Качанава, можна арганізаваць суботнік, што не патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў.