Італьянскі паліцэйскі гвалтаваў падарожніц, выкарыстоўваючы Couchsurfing

Італьянскі паліцэйскі гвалтаваў падарожніц выкарыстоўваючы папулярную сацсетку Couchsurfing. 35-гадовы Дзіна Мальё трапіў пад следства пасля таго, як на яго з заявай у паліцыю звярнулася падарожніца з Аўстраліі. Яна сцвярджала, што пазнаёмілася з гэтым чалавекам праз Couchsurfing. Жанчыне патрэбны быў прытулак на ноч, і ён прапанаваў ёй сваё жыллё. Падчас вячэры ён падсыпаў ёй у напой супакойваючы наркотык, а потым, калі яна была без прытомнасці, згвалціў. На той момант аўстралійка мела толькі 16 год, пра што італьянец ведаў, паведамляе The Guardian.

Журналісты італьянскага расследвальніцкага праекту IRPI знайшлі яшчэ 6 жанчын, якія сцвярджаюць, што іх згвалтаваў паліцэйскі. Яны не пісалі заявы ў паліцыю толькі таму, што Мальё пагражаў выкарыстаць свае сувязі.

Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі сацыяльная сетка для падарожнікаў Couchsurfing выкарыстоўваецца для сэксуальных злачынстваў. Так, у 2009 годзе ў брытанскім горадзе Лідз згвалтавалі падарожніцу з Ганконга. Злачынца атрымаў 10 год турмы. Падобныя здарэнні адбываліся яшчэ не аднойчы ў Марселі, Лісабоне, Чыкага, Пекіне, Шанхаі, Осла і ў Новай Зеландыі.

Стваральнікі Couchsurfing засцерагаюць, што для максімальнай бяспекі, варта выбіраць для начлегу жыллё толькі тых людзей, якія маюць вялікую колькасць станоўчых водгукаў і з’яўляюцца праверанымі сябрамі вашых сяброў. Яшчэ лепш, калі хто-небудзь з вашых сяброў паручыўся за іх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі