Тэрмін адкрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску перанеслі

Чырвоны касцёл

Чырвоны касцёл / фота з сацсетак

Чырвоны касцёл у Мінску не адкрыюць пасля рамонту ў прызначаны тэрмін. Гэта заўважыла выданне katolik.life.

Уласнік будынка дзяржпрадпрыемства "Мінская спадчына" абяцала завяршыць асноўныя работы да канца 2026 года, а ў студзені 2027-га — увесці яго ў эксплуатацыю.

Але цяпер вернікі заўважылі, што на пашпарце аб'екта змянілі дату: замест 31 студзеня 2027 года тэрмін заканчэння будаўніцтва перанеслі на 30 красавіка.

Будынак быў закрыты чатыры гады таму. Перад гэтым у касцёле адбыўся невялікі пажар, і ўлады скарысталіся гэтай нагодай, каб выселіць парафію з будынка. Некалькі гадоў касцёл стаяў закрыты, а гарадскія ўлады заяўлялі, што рыхтуюцца дакументы на яго рэканструкцыю.

Былы пробашч парафіі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк нядаўна запісаў відэа, у якім расказаў пра важныя дэталі. Ён пацвердзіў, што перад пажарам у касцёле было разбітае акно. Гэта і шэраг іншых дэталяў ставяць пад сумнеў афіцыйную версію пра ўзгаранне праводкі — агонь мог быць наўмысна занесены звонку.

Таксама Завальнюк паведаміў, што былы прадстаўнік Ватыкана ў Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч перадаваў з нунцыятуры для парафіі міні-электрастанцыю. Ёй карысталіся, пакуль Завальнюк і вернікі вялі малітоўнае дзяжурства ў плябаніі — доме святара каля касцёла. Гэты будынак таксама быў адключаны ад электрычнасці, ацяплення і вады.

Потым карыстацца міні-электрастанцыяй забаранілі. Як і печкай-"буржуйкай". Так вернікі перажылі дзве зімы. А потым яны пакінулі касцёл і плябанію, выконваючы распараджэнне мітрапаліта арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

Тэрмін адкрыцця Чырвонага касцёла ў Мінску перанеслі
Пашпарт рэканструкцыі Чырвонага касцёла — раней і цяпер

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.