Беларуса ў Варшаве абрабавалі і спрабавалі выкрасці, калі ён клаў грошы на рахунак

Банкамат

Банкамат / pixabay.com

У Варшаве пяцёра грузінаў абрабавалі 25-гадовага беларуса. Акрамя таго маладога чалавека спрабавалі выкрасці. Паліцыя затрымала падазраваных, ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі, піша выданне MOST.

Інцыдэнт адбыўся 30 ліпеня ў варшаўскім раёне Ахота. Беларус з вялікай сумай наяўных грошай падышоў да банкамата. Калі ён клаў грошы на банкаўскі рахунак, да яго падышлі пяцёра грузінаў. Яны паспрабавалі зацягнуць маладога чалавека ў машыну.

Беларус пачаў супраціўляцца, тады нападнікі павалілі яго на зямлю і сталі біць рукамі па галаве. Потым яны забралі барсетку, мабільнік і каля 20 тысяч злотых гатоўкай.

Выкліканыя паліцыянты аказалі першую дапамогу беларусу, які атрымаў цялесныя пашкоджанні ў вобласці галавы.

Нападнікаў затрымалі на наступны дзень у вёсцы пад Варшавай. Ім ад 23 да 29 гадоў. Следчыя знайшлі частку скрадзенага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.