Беларус, абвешчаны ў вышук Інтэрпала за махлярства, адкрыў школу ў Варшаве
Вучні, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА
У непрыемную гісторыю трапілі ў Варшаве бацькі, чые дзеці наведваюць прыватную школу American Elite School. Установа праводзіць заняткі, спаганяе плату за навучанне, абвясціла набор на наступны год, але яна больш не зарэгістраваная ў польскай сістэме адукацыі.
Бацькі забілі трывогу, калі з Упраўлення сацыяльнага страхавання (ZUS) ім сталі прыходзіць лісты з патрабаваннем вярнуць атрыманую дапамогу на дзяцей па праграме "800+", піша выданне MOST. Замежнікі ў Польшчы могуць атрымліваць гэтую дапамогу, толькі калі іх дзеці школьнага ўзросту займаюцца ў польскай сістэме адукацыі. Праверка ў сістэме інфармацыі аб адукацыі (SIO) паказала, што яны там не зарэгістраваныя.
American Elite School (прыватную школу №99) выключылі з рэестра школ 31 жніўня 2025 года, за дзень да пачатку навучальнага года. Праверка паказала, што школа не выконвае пяць асноўных умоваў. У тым ліку яна не рэалізуе навучальныя праграмы, якія ўлічваюць асноўную праграму агульнай адукацыі Польшчы. Па-польску ў школе не гавораць ні вучні, ні настаўнікі. Замест гэтага школа рэалізуе Оксфардскую праграму, а вучні займаюцца выключна па брытанскіх падручніках. Дакументацыя навучання адсутнічае. Адна з праверак выявіла, што настаўнік, які вёў заняткі па матэматыцы, інфарматыцы і выяўленчаму мастацтву, не меў ніякай педагагічнай падрыхтоўкі.
У школе навучаецца больш за сто дзяцей — з нулявога па восьмы класы. Невядома, залічаць ім гэты навучальны год ці ім давядзецца прайсці навучанне паўторна. Вучні ў школе — прыезджыя, пераважна з Украіны ды Індыі. Плата за навучанне складае (у залежнасці ад узросту дзіцяці) ад 42,2 тыс. да 56,2 тыс. злотых у год.
Бацькам, занепакоеным патрабаваннем вярнуць дапамогу на дзяцей, у школе сказалі, быццам адбылася памылка ва ўпраўленні адукацыі і яе выправяць цягам некалькіх тыдняў. Школа нават накіравала ім лісты з пячаткамі, каб пацвердзіць, што дзеці наведваюць установу адукацыі. Гэта павінна быць доказам, што ім належыць дапамога "800+".
У кастрычніку 2025-га бацькам даслалі дадатак да дамоваў, у якім дырэкцыя падала новыя нумары рахункаў для аплаты навучання. Журналісты даведаліся, што гэта прыватныя рахункі, якіх няма ў афіцыйным пераліку суб'ектаў, зарэгістраваных як плацельшчыкі ПДВ. Пад дакументамі стаяць подпісы Іллі Волаха / Слакатовіча ці яго правай рукі Аляксандры Катушонак.
У Беларусі Іллю Волаха вінавацілі ў махлярстве пры будаўніцтве жылога комплексу "Грушаўскі пасад". Паводле следства, у 2016-2020 гадах бізнесовец прыцягнуў 58 млн рублёў у будаўніцтва комплексу, але 24 млн з іх патраціў на куплю асабістай нерухомасці, дарагіх аўтамабіляў і прадметаў раскошы. Ад яго дзеянняў пацярпелі 430 чалавек. У 2024 годзе Волаха асудзілі на 10 гадоў калоніі. Але суд адбыўся завочна, бо яшчэ да яго бізнесовец пераехаў у Польшчу, атрымаў польскае грамадзянства і змяніў прозвішча на Слакатовіч.
Беларусь абвясціла Волаха ў вышук па "чырвонай ноце" Інтэрпала. У Польшчы яго дапыталі ў пракуратуры, але ў Беларусь не выдалі праз асцярогі, звязаныя з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Акрамя таго Канстытуцыя Польшчы забараняе выдаваць сваіх грамадзян іншым дзяржавам.
Наступны раз імя Волаха з'явілася ў польскай прэсе ўлетку 2025-га. Супрацоўнікі рэстарана, які ён адкрыў у Варшаве, а потым зачыніў, дамагаліся выплаты заробку.
Варшаўскія ўлады абяцаюць знайсці месцы ў дзяржаўных школах усім вучням, якія захочуць наведваць гарадскія ўстановы адукацыі. Кіраўніцтва школы абскардзіла рашэнне аб закрыцці ў ваяводскім адміністрацыйным судзе ў Варшаве. Але згодна з законам падача скаргі ў суд не прыпыняе выканання вынесенага рашэння.