Вы тут

Хунта вызваляе людзей, а палякі спрачаюцца з ЕС: агляд сусветных навін

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Таксічныя адносіны Польшчы і ЕС, расплата за рабаўладанне і памілаванне палітычных зняволеных у М'янме — коратка раскажам пра ўсё.

І ўнікальная прапанова гэтага міжнароднага агляду — навіны з Фінляндыі. Калі вы апошні раз чыталі навіны з Фінляндыі?

 

Хто тут галоўны

Польшча і ЕС пасварыліся проста ў Еўрапарламенце. Польшчу ў гэтай спрэчцы прадстаўляў прэм'ер Матэўш Маравецкі, а ЕС — кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Прычына — польскі Канстытуцыйны суд вырашыў, што іх ўласная Канстытуцыя ў выпадку спрэчных пытанняў важнейшая, чым законы ЕС. ЕС такога нахабства раней не чуў. Фон дэр Ляен заявіла, што зробіць усё, каб прадухіліць падрыў Польшчай каштоўнасцяў ЕС.

Сцягі ЕС і Польшчы / gopolsha.com

А Маравецкі, можа, і не ўсе каштоўнасці ЕС падзяляе, але мову ЕС ведае добра. І ён запатрабаваў у апанента не пераходзіць у размове з ім на "мову пагроз", абвінаваціўшы аб'яднанне ў перавышэнні сваіх паўнамоцтваў.

І не, выходзіць з ЕС Польшча не збіраецца, прэм'ер запатрабаваў не спекуляваць на гэтай тэме. Польшча ўсяго толькі хоча, каб ЕС паважаў яе асабістыя мяжы. Калі вы даўно хацелі спытаць, што такое таксічныя адносіны, — вось яны.

 

Нават хунта М'янмы вызваляе людзей

Хунта М'янмы вызваліла сотні палітычных зняволеных і вызваліць яшчэ тысячы, піша CNN са спасылкай на мясцовы СМІ Global New Light.

Усяго хунта плануе вызваліць 5,6 тысячы чалавек, арыштаваных у часе пратэстаў супраць вайскоўцаў, якія захапілі ўладу, пасля перавароту ў лютым. Вызваленыя павінны будуць падпісаць дакумент, у якім абавязваюцца не здзяйсняць ніякіх актаў гвалту супраць краіны.

Асацыяцыя палітычных зняволеных М'янмы лічыць гэта адцягваннем увагі. Кіраўніка хунты генерала Міна Аунга Хлаінга не паклікалі на саміт краін Паўднёва-Усходняй Азіі. Замест яго ад М'янмы запрасілі "непалітычнага" дзеяча.

Сам генерал лічыць, што пытанні ў сусветнай супольнасці павінны быць не да яго, а да апазіцыйнага ўрада М'янмы і розных этнічных узброеных груповак. Маўляў, праз іх у краіне працягваецца гвалт.

Як бы там ні было: аднаго чалавека не паклікалі на важную для яго сустрэчу — і тысячы чалавек могуць выйсці з-за кратаў і адправіцца на важныя для сябе сустрэчы з блізкімі.

 

А потым яны знясуць тваю статую

Томас Джэферсан быў трэцім прэзідэнтам ЗША, адным з аўтараў Дэкларацыі незалежнасці ў 1776 годзе. Яго партрэт — на двухдоларавай купюры. Яго помнікі — па ўсёй краіне. Але ў зале гарадской камісіі мэрыі Нью-Ёрка больш не будзе яго статуі, яе прыбяруць да канца года.

Усё проста: пасля смерці ў прэзідэнта засталося каля 130 рабоў. Спробы прыбраць статую былі і раней, але з пачаткам пратэстаў Black Lives Matter яны ўзмацніліся.

Прэзідэнтам можаш ты не быць, але рабаўладальнікам не быць абавязаны. І тэрміну даўнасці тут няма.

 

Куртка з паўэрбанкам

Даўно не было навін з Фінляндыі ў нашых аглядах. Хоць не — іх наогул ні разу не было.

Курткі Sun-Powered Textiles / esquire.ru

Студэнты фінскага ўніверсітэта распрацавалі тканіну, у якую ўшыты сонечныя панэлі. Яны акумулююць энергію, прычым не толькі сонечную — падыдзе нават лямпачка.

З гэтай тканіны пашылі курткі, у якіх і не распазнаеш высокатэхналагічны стартап. А тым часам сабраная гэтымі курткамі энергія можа падзараджаць пераносныя гаджэты і сэнсары накшталт вымяральнікаў тэмпературы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.