Хакейны трэнер з басейна: Хакей будуецца як дом. А зборная — гэта толькі дах

Хакейны трэнер з басейна: Хакей будуецца як дом. А зборная — гэта толькі дах

6 чэрвеня ў Міністэрстве спорту прайшла нарада аб развіцці беларускага хакея. Там абмяркоўвалі стварэнне нацыянальнай школы брамнікаў, развіццё судзейства, "ўкараненне перадавых тэхналогій" у падрыхтоўку хакеістаў і навукова-метадычнае забеспячэння айчыннага хакея. Прыгожыя словы, слушныя прапановы. Але ці менавіта гэта ўсё патрэбна спорту №1 у Беларусі, каб make it great again?

Еўрарадыё паразмаўляла пра стан беларускага хакея з настаўнікам-энтузіястам Уладзімірам Жабінскім са Смаргоні.У Смаргоні няма Лядовага палацу. Уладзімір займаўся з маленькімі хакеістамі ў закінутым басейне і набыў вядомасць, калі на сітуацыю звярнулі ўвагу СМІ.

“Дзе іх хакеісты? Вось з каго трэба пытацца!”

“Змяняць трэба ўсё. Дзе ні дакраніся — не тое, што дрэнна, але ўжо не па-сучаснаму. Трэба ўмацаваць падмурак — перш за ўсё дзіцячы хакей, сістэма падрыхтоўкі ў дзіцячым хакеі. Гэтай сістэмы няма. Усе школы заточаныя пад нейкі імгненны вынік выступлення каманды, а не пад падрыхтоўку якасных гульцоў.

У нас недзе 30 хакейных школ. Дык няхай бы кожная школа давала за год хаця б па пяць добрых гульцоў! Калі б школы так працавалі, мы не ведалі б, куды гэтых хакеістаў падзець. У нас была б канкурэнцыя, быў бы выбар. Але школы не даюць нават столькі. І ніхто за гэта не адказны. Усе гэтыя хакейныя школы ў буйных гарадах, дзе пабудавалі Лядовыя арэны, колькі яны ўжо існуюць? Гадоў пятнаццаць? За гэты час яны павінны былі выпускаў пяць зрабіць. Але дзе іх хакеісты? Вось з каго трэба пытацца.

Часта кажуць, што дзяцей не хапае. Але я правёў шмат кэмпаў і бачу: ёсць таленавітыя дзеці, якім цікавы хакей, якія маюць патэнцыял. Проста сістэму трэба змяняць”.

Уладзімір Жабінскі: “Павінен быць нейкі пераход паміж дзіцячым хакеем і прафесійным. Трэба ствараць студэнцкія лігі, калі ў кожнага ўніверсітэта ёсць свая зборная, у якой гуляюць будучыя прафесіяналы. Па прыкладзе спартыўных каманд у амерыканскіх універсітэтах.

Каб гэтыя каманды маглі спаборнічаць паміж сабой. Каб чалавек пасля заканчэння школы, ідучы паступаць ва ўніверсітэт, мог працягнуць развіваць сваю спартыўную кар'еру. Нашы ўніверсітэты ў буйных гарадах могуць сабе дазволіць студэнцкі хакей. І было б добра, каб будучыя хакеісты гулялі і вучыліся бясплатна, на бюджэтнай аснове”.

“Паміж дзіцячым і прафесийным хакеем — прорва, кажа наш суразмоўца. — Не хапае прамежкавых ліг і каманд, якія б у іх гулялі. Дзе будучыя прафесіяналы працягвалі б практыкавацца”.

Хакейны трэнер з басейна: Хакей будуецца як дом. А зборная — гэта толькі дах
Фота: kraj.by

“Льюіса трэба было гнаць яшчэ пасля другога чэмпіянату”

Падзенне ўзроўню заўважна не толькі па гульні нацыянальнай зборнай, але і па сітуацыі ў чэмпіянаце Беларусі. На думку Уладзіміра Жабінскага, у беларускіх камандах зніклі лідары, зніклі яркія гульцы:

“Чэмпіянат Беларусі стаў проста ніякі. Я глядзеў і паўфінал, і фінал. Узровень гульні падае. Раней сапраўды былі ў камандзе нейкія лідары, было на каго паглядзець, на каго раўняцца. А зараз — нейкая шэрая маса. Нават “Юнацтва” было раней нашмат ярчэйшым і мацнейшым. Было прыемна глядзець. А цяпер — вельмі слаба. Чэмпіянат не дае ніякага росту гульцам.

Вось нядаўна чытаў пра нашых, калі яны прабіваліся з другіх дывізіёнаў, і там прыводзілі склады каманд. І вось сапраўды ж памятаеш усіх пайменна. А цяпер? Ужо праз два гады не назавеш складу, не прыгадаеш, хто там як гуляў. Раней Наваполацк быў моцны, Віцебск, Гомель і Магілёў трошкі, пару гадоў. Ну а зараз каманд проста няма”.

Што наконт сыходу Дэйва Льюіса, дык тут Уладзімір лічыць, што гэта правільны крок:

“Льюіса трэба было гнаць яшчэ пасля другога чэмпіянату. А яму яшчэ кваліфікацыю пасля гэтага даверылі. Ну не наш гэта чалавек. Ён старой фармацыі, і тое што ён прапаноўваў, — гэта сістэма 70-ых гадоў, калі ў Канадзе так гулялі. Але цяпер ужо ўвесь свет па-іншаму гуляе. І нават у Канадзе ўжо ніхто так не гуляе.

Разумееце, калі канадскага трэнера запрашаць, дык трэба запрашаць яшчэ чалавек 30-40 канадскіх дзіцячых трэнераў, каб яны прышчапілі сістэму ў дзіцячых школах. У іх свая сістэма. І калі мы запрашаем канадца трэніраваць нашу зборную, то трэба, каб гульцы разумелі ўсю сістэму: як падрыхтоўвацца і як гуляць.

Нам трэба шукаць спецыялістаў у Беларусі. Вось ёсць у нас Скабелка, Андрыеўскі, Занкавец. Можна было б у нас знайсці добрых прафесіяналаў. Я не кажу пра тое, каб прызначыць кагосьці аднаго галоўным, можна было б і дваіх. Бо адзін можа быць моцны ў тактыцы і методыцы, а другі быць добрым матыватарам. Кожны моцны ў сваім кірунку”.

Хакейны трэнер з басейна: Хакей будуецца як дом. А зборная — гэта толькі дах
Фота: kraj.by

“Хай ён заб'е нуль шайбаў — усё роўна будзем з ім працаваць”

Занадта шмат увагі і сродкаў марнуецца на зборную і занадта мала на дзіцячы хакей. Хоць у перспектыве менавіта апошні можа прынесці больш карысці і падрыхтаваць годных гульцоў:

“Хакей будуецца як дом. Падмурак — гэта дзіцячы хакей. А зборная — гэта толькі дах. І мы ўвесь час намагаемся рамантаваць дах. А ўвесь астатні дом — ён, можа быць, і не надта стары, але ўвесь час ламаецца. Пабудаваны ён не вельмі добра.

Каму даюць на водкуп дзіцячы хакей? Хто гэты чалавек, які цяпер узначальвае аддзел развіцця і дзіцяча-юнацкага хакея? Кім ён быў, дырэктарам шклозавода? [Колішні дырэктар шклозавода “Нёман” Ігар Бацян цяпер кіраўнік гэтага аддзела ў Беларускай федэрацыі хакея, заўв. Еўрарадыё] Што ён можа даць дзіцячаму хакею? Ён, можа, паўгода таму клюшку ад шайбы не адрозніваў.

Яму б гадоў дзесяць папрацаваць у гэтым, пот панюхаць, канькі патачыць, каб разумець, як што наогул. Якія праблемы ў дзяцей і наогул у дзіцячым хакеі. Нашай Федэрацыі не абавязкова прыдумляць нешта новае.

Вось, напрыклад, досвед Славакіі. Яны вырашылі працаваць з кожным дзіцём. Хай ён там заб'е нуль шайбаў — усё роўна будзем з ім працаваць. Яны вельмі добра гэтым паднялі сярэдні ўзровень, а гэта і высокі ўзровень падымае. Не дае гульцам з вялікім патэнцыялам расслабіцца.

А ў Беларусі вельмі нізкі сярэдні ўзровень. У нас як звычайна? Ёсць вярхушка ў камандзе, “любімчыкі” трэнера, як іх звычайна клічуць, ім надаецца больш за ўсё ўвагі. А астатнія? Яны ёсць, але да іх стаўленне амаль абыякавае. У нас сёння сістэма падрыхтоўкі як у Расіі. У іх — мільёны дзяцей, і з іх у выніку даходзяць да прафесійнага стану некалькі тысяч. І з іх ужо камплектуюцца каманды КХЛ, зборная. А славакі сказалі, што калі б яны рабілі як у Расіі, то былі б на ўзроўні Венгрыі ці Румыніі.

Адзін з частых аргументаў праблем развіцця хакея недахоп каткоў. Беларускі ўрад пайшоў на радыкальныя меры, арганізоўваючы будоўлі Лядовых палацаў у шмат якіх гарадах Беларусі. А галоўны трэнер “Юнацтва” Міхаіл Захараў кажа, што трэба ўдвая больш Лядовых палацаў, чым ёсць. 

Хакейны трэнер з басейна: Хакей будуецца як дом. А зборная — гэта толькі дах
Фота: kraj.by

Уладзімір Жабінскі лічыць, што лядовыя палацы патрэбныя толькі буйным гарадам, і лепш было б засяродзіцца на невялікіх катках у мястэчках накшталт Смаргоні:

“Не трэба будаваць палацы за дзясяткі мільёнаў долараў. Можна проста пабудаваць звычайны крыты каток, які функцыянаваў бы з сакавіка па кастрычнік, каб людзі маглі нармальна трэніравацца. Я працую з хлопцамі і, блін, бачу, што знікнуць яны без катка. Яны добрыя хлопцы, але знікнуць. І ў кожным горадзе ёсць такія.

Вось у Маладзечне ёсць Лядовы палац. Ён абышоўся ў некалькі мільёнаў долараў. Навошта ён там? Яго наогул не могуць ніяк запоўніць. А колькі можна было б пабудаваць простых крытых каткоў за кошт аднаго такога палаца? Хапіла б для ўсяго Маладзечанскага раёна, ці нават Мінскай вобласці.

Я бачыў у Германіі такія невялікія каткі, там усяго тры чалавекі працуюць, усе  мясцовыя жыхары, часцей за ўсё бацькі дзяцей, якія там займаюцца. Там за катком, па сутнасці, даглядае мясцовая супольнасць, таму што гэта для іх дзяцей. А ў горадзе ўсяго 20 тысяч насельніцтва. Проста ў нас няма такога досведу.

Быў бы хоць адзін такі каток у Беларусі, можна было б да яго адсылаць. У нас была мара з Рачкоўскім [Колішні старшыня Федэрацыі хакея Беларусі, заўв. Еўрарадыё] зрабіць хаця б адзін такі эксперыментальны каток. Дзе была б такая сістэма. Бо менавіта такія і трэба будаваць: невялікія, эканамічныя, каб мясцовыя людзі за яго адказвалі і сачылі. Але, на жаль, не атрымалася, не паспелі”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі