Вы тут

"Хаціна дзядзькі Яна": што гісторыкі думаюць аб "акупантах" Міндоўгу і Гедыміне?

Помнік Гедыміну ў Лідзе / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У праграме “Ідэя X” на Еўрарадыё вядомы гісторык Алег Латышонак заявіў, што вялікія князі літоўскія Гедымін і Міндоўг — акупанты для насельніцтва беларускіх земляў. Ён лічыць, што Вялікае княства Літоўскае было рабаўладальніцкай дзяржавай, якая дрэнна скончыла, і канструяваць сваю гісторыю і ідэнтычнасць на міфе аб ВКЛ беларусам не мае сэнсу.

Латышонак лічыць, што асноўным дасягненнем беларусаў з’яўляецца гісторыя поспеху з другой паловы XIX стагоддзя, калі сяляне збудавалі сваю нацыю і дзяржаву з нічога.

Выказанныя думкі выклікалі дыскусію ў прафесійнай супольнасці і ў сацсетках. Так, гісторык Аляксандр Краўцэвіч, аўтар манаграфій па гісторыі ВКЛ, паставіўся з сумненнем да такіх заяў. Спярша ён выказаўся ў “Фэйсбуку”:

“Знаходжуся ў няпэўнай сітуацыі, бо сябруем і супрацоўнічаем з Алегам многія гады. А тут я аказваюся калабарантам, паколькі трыццаць гадоў даследую і праслаўляю акупантаў. Цяпер нават не ведаю, ці магу да Латышонка набліжацца”. 

А потым напісаў разгорнуты тэкст на “Радыё Свабода”:

“Мне цяжка зразумець, навошта адкідваць паўтысячагоддзя ўласнай слаўнай гісторыі, у якім якраз і адбылося фармаванне беларускага народа і на якое прыпаў “залаты век”, калі беларуская мова і культура ахоплівалі ўсю грамадскую структуру ад сялян да вялікіх князёў і чаго мы да сёння не можам паўтарыць.

Тое, што Сапега не называў сябе беларусам, — не аргумент. Дарэчы, ягоны нашчадак князь Яўстах Севярын Сапега (памёр у 2004 г. у Кеніі) якраз называў. Няхай Леў Сапега пісаў пра сваю “русінскую” мову, але ў тыя часы многія народы называліся не так, як сёння, — не было, напрыклад, румынаў, бельгійцаў, украінцаў, літоўцаў, ды і палякаў у сучасным значэнні.

Не разумею, як гісторык можа адмаўляцца ад велізарнай часткі гісторыі свайго народа — ад Міндоўга пачынаючы і Каліноўскім скончыўшы?! Проста не разумею”.

budzma.by

Журналіст “Радыё Свабода” Дзмітрый Гурневіч правёў аналогію з нядаўнімі выказваннямі літоўскага гісторыка Бумблаўскаса, які сказаў, што літоўцы абапіраюцца на казкі і што "жалезны воўк" Гедыміна насамрэч выў па-беларуску:

“Ён [Бумблаўскас] прапануе літоўцам дзяліцца гісторыяй ВКЛ з беларусамі. Не прайшло і месяца, як беларускі гісторык Латышонак кажа, што ВКЛ — рабаўладальніцкая дзяржава, а Гедымін з Міндоўгам акупанты і што беларусам трэба арыентавацца на XIX і XX стагоддзі, калі ўзнікла ідэя дзяржаўнасці Беларусі.

Толькі я не бачу ніякай супярэчнасці паміж першым і другім і лічу, што адно лагічны працяг другога? Не, я не адзін. Са мною айцы-заснавальнікі БНР (а я з імі), на якіх спасылаецца Алег Латышонак. У ІІІ устаўной грамаце БНР:

"Цяпер мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднаго краю апошняе ярмо дзяржаунай залежнасьці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і нізалежны край". На які ж гэта вольны і незалежны край расейскія цары накінулі ярмо?

Слушна! На ВКЛ”.

Мовазнаўца Віталь Станішэўскі лічыць, што “апора на славу вялікай дзяржавы і сваіх князёў — гэта іншы этап у фарміраванні нацыянальнай свядомасці. Гэта свядомасць грамадзян краіны, у былым — саюзнай рэспублікі, свядомасць, абапёртая не на людзей побач, а на сваю дзяржаву як на цывілізацыйнае асяроддзе”.

На афіцыйнай старонцы часопіса “Наша Гісторыя” з’явілася меркаванне, што гэтым словам Латышонка будуць горача апладзіраваць літоўцы:

“Але наўрад ці яны маюць шанцы быць пазітыўна ўспрынятымі ў беларускіх патрыятычных асяродках. Як бы ні хацелася спадару Латышонку іншага, перыяд ВКЛ з беларускай гістарычнай свядомасці ўжо не выкрасліш. Хіба толькі разам з самімі беларусамі як народам. Цягнік сышоў, назад не вернеш. І не трэба вяртаць”.

Кулінар і гісторык ежы Аляксандр Белы кажа, што пазіцыя Латышонка наскрозь ілжывая, крывадушная і непаслядоўная:

“У ягонай кнізе "Нацыянальнасць — беларус" можна знайсці процьму рэверансаў у бок ВКЛ, часам аж да таго што ён замілоўваецца дзецьмі, якія намалявалі, здаецца, Кежгайлаў — чыстых літоўцаў — з б-ч-б сцяжком, і кажа "нам-то цяжка гэта прыняць але дзеці ўжо ў сваім сэрцы ўсё гэта прынялі і інтэгравалі" — неяк так. І Каліноўскі з Каяловічам у яго абодва шчырыя беларусы, толькі кожны па-свойму. Але як настрой зменіцца, дык ужо і рабаўладальнікі тыя Кежгайлы. І Сапегі нават "непатрэбныя", чыста русінскі род! З усім іх даробкам у эканоміцы і культуры.

Па-другое, хіба БССР з яе калгасамі і Курапатамі — гэта не рабаўладанне? А сучасная РБ у значнай ступені, у тых самых калгасах, у спробе ўвесці рэальнае рабства ў дрэваапрацоўцы? Або для "дармаедаў"? Але гэтае рабства ХХ і ХХІ стст., пад беларускім фальклорным сцяжком — для яго "гісторыя поспеху".

Эксперт Аналітычнага цэнтра РГА "Белая Русь" Пётр Пятроўскі лічыць, што Латышонак мае рацыю:

“Беластоцкі беларус, прафесійны гісторык Алег Латышонак отжёг, так отжёг. Адмовіўся прызнаваць ВКЛ беларускай дзяржавай, што з'яўляецца праўдай. Больш за тое, Латышонак заклікае адмовіцца ад міфалагізацыі гісторыі і ад нацягвання нацыянальных штаноў на феадальныя попы.

Вядома, называць Міндоўга і Гедыміна акупантамі занадта радыкальна. Усё-ткі яны былі феадаламі і не думалі і не дзейнічалі ў логіцы нацыянальных дзяржаў або інтарэсаў. Але сам факт інтэлектуальнага паўстання супраць "фэнтэзі ліцвінаў" пра нацыянальную беларускую дзяржаву ВКЛ вітаць не проста трэба, а трэба яшчэ і падтрымаць”.
 

Слухаць размову з Алегам Латышонкам цалкам: