Вы тут

Грамадзянскі форум ЕС — Расія запатрабаваў ад Масквы спыніць падтрымку Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / kremlin.ru​

Расійскія ўлады мусяць перастаць падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку. Такое патрабаванне ўтрымліваецца ў заяве праўлення Грамадзянскага форуму ЕС — Расія.  

"Мы таксама патрабуем ад расійскіх уладаў перастаць аказваць хоць якую падтрымку бесчалавечнаму рэжыму Аляксандра Лукашэнкі", — гаворыцца ў заяве форуму.

Ад міжнароднай супольнасці аўтары дакумента чакаюць працягу ціску на ўлады Беларусі і дапамогі для грамадзян, якія былі вымушаныя з'ехаць з краіны. Ёсць патрабаванне і да беларускіх уладаў — вызваліць палітвязняў.

У дакуменце падкрэсліваецца, што праз год "пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў пераслед нязгодных з афіцыйнай пазіцыяй уладаў Беларусі дасягнуў новага ўзроўню гвалту". Пад ударам аказаліся праваабаронцы і лідары грамадзянскай супольнасці, адвакаты, журналісты і іншыя грамадзяне, "многія з якіх былі гвалтоўна выправаджаныя з краіны або самі вырашылі пакінуць Беларусь, баючыся за сваю свабоду або жыццё".

Грамадзянскі форум — гэта сетка разнастайных некамерцыйных арганізацый з Расіі і краін Еўрасаюза. Яна была створаная ў 2011 годзе, каб умацоўваць узаемадзеянне паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і спрыяць інтэграцыі Расіі і ЕС. На сённяшні дзень ў Форум уваходзяць 185 арганізацый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.