Вы тут

"Гэты поц зламаўся": беларуская прапаганда не грэбуе антысемітызмам

А фашысты ўсё роўна мы

Гісторык з Дзюсельдорфа Аляксандр Фрыдман заўважыў, што беларуская дзяржаўная прапаганда культывуе антысемітызм. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Дзяржмедыя і праўладныя тэлеграм-каналы выкарыстоўваюць правераныя савецкія прыёмы эпохі "барацьбы з касмапалітызмам" і сталінскай "справы лекараў".
 

"Няправільныя" габрэі

Дзяржпрапаганда пры згадванні некаторых праціўнікаў Лукашэнкі робіць акцэнт на іх "няправільнай" габрэйскасці. Вось, напрыклад, што піша Андрэй Мукавозчык пра блогера Яўгена Ліпковіча:

Габрэі ўсяго свету прызналі Ліпковіча антысемітам. Усвядоміўшы, нарэшце, што ўсё яго жыццё для яго навакольных ёсць наглядны заклік да антысемітызму. І гігіены. Але першае важней, хоць другое і мацней.

Празрысты намёк Мукавозчык робіць і на карані бізнесмена Аркадзя Ізраілевіча — кажа, што той "празорліва раскладвае яйкі па розных кошыках".

"Дастаецца" ад Мукавозчыка і дызайнеру Уладзіміру Цэслеру.

— ...само нараджэнне Вовы Цэслера магло б проста не адбыцца, калі б адзін гузік [гаворка ідзе пра афішу спектакля, дзе намаляваны шынель з трыма гузікамі: польскім, нямецкім і савецкім. — Еўрарадыё] не перамог другі. Аднаму ён (і вельмі многія з нас) абавязаны, наогул, жыццём. Другі, наадварот, за сваю жыццёвую мэту ставіў знішчыць нас наогул. Параўноўваць іх? Вешаць у адзін шэраг, на адзін шынель? 

Праўладныя тэлеграм-каналы, за якімі, мяркуючы па ўсім, стаяць супрацоўнікі дзяржСМІ, дазваляюць сабе больш яркія выказванні. Вось прыклад з канала, названага ў гонар жоўтай садавіны.

— Дый у цэлым, з прозвішчам Шрайбман тапіць за падобныя сімвалы [бел-чырвона-белы сцяг. — Еўрарадыё] — больш чым дзіўна. Мабыць, зялёныя грошы для яго даражэй за шэры попел. Той самы, які да гэтага часу ляжыць метровым слоем пад былымі канцлагерамі.

 

Яшчэ адзін падобны канал, названы ў гонар рытуальнага японскага самагубства, таксама "праходзіцца" па Арцёме Шрайбмане. Намёк на няправільныя літары ў "пятай графе" тут адназначны:

— Мы, уласна, не пераставалі сачыць за творчасцю чалавека з праўдзіва беларускімі каранямі, і нядаўна ён нас чарговы раз парадаваў.

Апагей антысемітызму ў тым жа "фруктовым" канале здарыўся ў гонар Максіма Каца: "Гэты поц зламаўся, нясіце іншага".

Дазваляюць сабе прапагандысты і выпады ў духу "калектыўны Шэйлак" (той самы Азаронак) і "глыбінная дзяржава" — толькі з намёкамі не на deep state, а на канспіралогію вакол "сіянісцкай змовы".

Яшчэ адным яркім прыкладам схаванага (нямоцна) экстрэмізму было выступленне блогера Аляксея Голікава ў эфіры СТБ. У сваёй прамове ён пахваліў Трэці Рэйх за жорсткія меры і заклікаў гэтаксама сур'ёзна "наводзіць парадак" і беларускія ўлады. Ну, гэта значыць канчаткова вырашыць пытанне.

Увесь гэты кантэнт цалкам можа разглядацца ў кантэксце артыкула 130 Крымінальнага кодэкса — "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці". Здзейсненае групай асоб, такое злачынства можа карацца пазбаўленнем волі на тэрмін да 12 гадоў. Але, як сказаў адзін палітычны доўгажыхар, часам не да законаў.
 

Гешэфт як сімвал зла

Асобная "любоў" як у афіцыйных прапагандыстаў, так і ў нібыта ананімных тэлеграм-каналаў — да слова "гешэфт". Гэта слова з ідыш, якое азначае выгадную здзелку. Ардэнаносцы і медалісты з дзяржаўных СМІ маюць на ўвазе выгаду, якую нібыта атрымліваюць "нячыстыя на руку апазіцыянеры".

— Сёння мы даведаемся, што стаяла за вакханаліяй вакол смерці Рамана Бандарэнкі, — вяшчае Рыгор Азаронак, — і хто дзеля палітычнага гешэфту не даваў маці пахаваць сына па-хрысціянску.

А вось — анонс з таго ж "фруктовага" канала перадачы Ігара Тура "Хлусня ўцёклых":

— "Хлусня ўцёклых" — спецыяльная рубрыка пра жулікаў і ашуканцаў, якія абяцалі залатыя горы за здраду, але кінулі сваю паству, калі гешэфт не пракаціў.

Вяртаемся да Азаронка. Вось як ён каментаваў чарговы флэшмоб з "пратэставымі" танцамі:

— Шкада, што вось гэтыя бедныя падманутыя людзі кружацца бясплатна. А ёсць тыя, хто мае свой гешэфт ад іх танцаў. А вось у каго ад грантавых грошай зусім кукуха паехала, дык у непалжывых СМІ.

Але ладна прапагандысты! Гэта слова з відавочным падтэкстам выкарыстаў і памочнік Лукашэнкі Валерый Бельскі: "У Telegram-каналаў, якія выраслі на публікацыі матэрыялаў правакацыйнага, антыдзяржаўнага зместу, цяпер выдатны гешэфт".
 

Рабін: у Беларусі адзін з самых нізкіх узроўняў антысемітызму

Рабін Рыгор Абрамовіч у гутарцы з Еўрарадыё адразу ж падкрэсліў: гаварыць пра палітыку як святар ён не можа. Але пагадзіўся ў цэлым паразважаць пра тое, ці высокі ў Беларусі ўзровень антысемітызму. Параўноўваць яму ёсць з чым: акрамя нашай краіны, ён паспеў пажыць і ў Вялікабрытаніі, і ў Ізраілі, і ў Расіі.

— Звычайна антысемітызм у нас заканчваецца на бытавым узроўні. У цэлым у Беларусі ён на парадак ніжэйшы, чым у многіх іншых краінах. Ёсць у гэтым роля і кантролю дзяржавы з мэтай нядопуску агрэсіі, і гістарычны досвед, — кажа Абрамовіч. — Я б сказаў, што гэта — наш нацыянальны набытак.

Як плюс ён назваў і сваю магчымасць раз на месяц пісаць у "Народную газету".

— Гэта ўнікальна, каб рабін мог пісаць у дзяржаўную газету з буйным тыражом. Гэта магчымасць расказваць пра нашы традыцыі, культуру, адукоўваць у чымсьці. Гэта вельмі важна.

Абрамовіч расказвае: у яго не раз былі гутаркі з тымі, хто дазваляў сабе антысеміцкія выказванні на публіцы або ў сацсетках.

— І ў асабістай гутарцы пераважная большасць кажа, што не хацелі так сказаць і не маюць нічога супраць, — адзначае ён.

Пры гэтым, па словах рабіна, розных людзей могуць абразіць розныя словы.

— Кажуць: чалавека нельга пакрыўдзіць, але ён можа пакрыўдзіцца. Так, напрыклад, слова "поц" мае не вельмі добры пераклад, але хтосьці можа на яго не адрэагаваць. Гэтаксама як слова "хрэн": хтосьці паставіцца да яго нармальна, а іншы — абразіцца.

У канцы гутаркі Абрамовіч вярнуўся да яе пачатку. Сапраўды, паводле яго слоў, у Беларусі нізкі ўзровень антысемітызму — але гэта не значыць, што трэба расслабляцца.

— Сёння такі, а заўтра можа быць ужо іншы. І паўстане пытанне: а што мы зрабілі, каб захаваць хоць бы на сённяшнім узроўні? Гэта важна, усё роўна трэба працаваць над сабой.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.