Вы тут

"Расія, выказаўшыся ў падтрымку дыктатуры": пра што піша крамлёўская прапаганда

Беларусь застаецца ў парадку дня расійскай прапаганды / калаж Еўрарадыё

Беларусь выпала з асноўных тэм у парадку дня расійскіх прапагандысцкіх медыя: цяпер яны больш заклапочаныя Джо Байдэнам, Уладзімірам Зяленскім і Ніколам Пашынянам. Але цалкам пра Беларусь прапагандысты забыць ніяк не могуць. Асабліва пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы.

Вось якія думкі яны прасоўваюць у сувязі з Беларуссю.
 

Родныя, сябры, браты

— А калі аб'яднацца яшчэ мацней?

— Калі аб'яднацца... Гэта асабіста маё меркаванне: я за.

Гэта фрагмент рэпартажу "Вестей недели с Дмитрием Киселёвым" на тэлеканале "Расія". Гавораць супрацоўнік тэлеканала і супрацоўнік аднаго з беларускіх прадпрыемстваў.

Такія ж пасылы — у размовах з іншымі суразмоўнікамі. Па дзіўным супадзенні ўсе яны кажуць, што "Расія нам самая блізкая", "без Расіі мы б нічога не зрабілі" і "ну мы ж усе славяне".

Сутнасць простая: беларусы і рускія — практычна адзін народ, вось такая вось міжнацыянальная любоў.

Цікавы кантраст: у падводцы да рэпартажу Дзмітрый Кісялёў гаворыць пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна, але потым гаворка толькі пра блізкасць на ўзроўні народаў і вытворчасцяў.
 

Ва ўсім вінаваты (вядома ж) Захад

Прыкметная частка прапагандысцкіх матэрыялаў традыцыйна прысвечана таму, як у беларускіх і расійскіх пратэстах вінаваты "прагнілы Захад". І, вядома ж, Брусель з Вашынгтонам хочуць разарваць цесныя сувязі дзвюх краін.

— Падзеі, што адбываюцца ў Беларусі і Расіі, не проста падобныя, а маюць, я ўпэўнены, агульнае паходжанне, — піша на "ИмхоКлабе" прэзідэнт рэдакцыі газеты "Известия" Уладзімір Мамантаў. — Палітыка старонніх сіл накіравана на стрымліванне расійскай дзяржавы і ўсходняй часткі свету ў цэлым. Беларусь — даўні і верны саюзнік Расіі. Разарваць гэту сувязь у палітычных, эканамічных, ваенных адносінах — мара тых, хто не жадае разглядаць нас як сабе роўных, а лічыць за лепшае бачыць перад сабой "бензакалонку", гіганцкую платформу багатых прыродных рэсурсаў і таннай рабочай сілы.

Карысць у "дзеяннях Захаду" бачыць аўтар RuBaltic Аляксандр Насовіч, які любіць выступаць таксама на "Сонаре", "Спутнике", "Украина.ру" і іншых падобных рэсурсах.

— ...Засталося дадаць толькі, што краіны Прыбалтыкі з Украінай самі і ўклаліся ў стварэнне такой неспрыяльнай для сябе ваенна-стратэгічнай кан'юнктуры, калі з віскам і ўлюлюканнем падтрымалі дэстабілізацыю Беларусі і апладзіравалі масавым беспарадкам у суседняй краіне. Іх тупасць працуе выключна на інтарэсы Расіі па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы.

Акрамя Літвы, Эстоніі і Польшчы, часта ў кантэксце "дзеянняў Захаду" згадваюць Святлану Ціханоўскую, якая нібыта ёсць іх "лялькай". Гэты наратыў прасоўваецца некаторымі прапагандысцкімі рэсурсамі як мінімум з канца жніўня.
 

Або праблема ўсё ж у... Лукашэнку?

Некаторыя рэсурсы дазваляюць сабе нападаць на Лукашэнку. Сярод іх не толькі "Регнум" і EAdaily, якія гадамі не хаваюць сваёй антыпатыі да кіраўніка Беларусі, але і, напрыклад, "Украина.ру", якая ўваходзіць у склад узначаленага Маргарытай Сіманьян і Дзмітрыем Кісялёвым МІА "Россия сегодня".

Напрыклад, палітолаг Багдан Бяспалька расказаў выданню пра тое, што стаўленне беларусаў да Расіі псуецца праз тое, што Масква вырашыла падтрымаць Лукашэнку.

Гэта сапраўды паўплывала на рост антырасійскіх настрояў, таму што большая частка насельніцтва негатыўна ставіцца да Лукашэнкі, але пры гэтым захоўвае сімпатыі да Расіі. І пры гэтым спакойна паставілася б і да Саюзнай дзяржавы, і да зліцця, і да канфедэратыўнага, да любога віду адзінай дзяржавы, — кажа ён.

Тамсама з'яўляецца інтэрв'ю з палітолагам Яўгенам Канстанцінавым, які гаворыць пра тое, што Лукашэнка выкарыстоўвае Расію ў сваіх мэтах і паралельна будзе зноў спрабаваць вяртацца да "шматвектарнасці". Паўтарае ён і думкі пра ўдар па сімпатыях да Расіі з боку беларусаў.

У тым, што ён пра гэта загаварыў, няма нічога дзіўнага. Я ўжо раней неаднаразова заяўляў, што беларускі рэжым проста выкарыстоўвае Расію ў сваіх уласных мэтах. У сферы Саюзнай дзяржавы за апошнія паўгода нічога не зрушылася з мёртвага пункта. Цяпер жа, калі сітуацыя часова стабілізавалася, Лукашэнка будзе старацца вярнуцца да ранейшага становішча рэчаў, гэта значыць да шматвектарнасці. Гэта азначае, што ніякіх зрухаў у саюзным будаўніцтве чакаць не даводзіцца. Такім чынам, Расія, выказаўшыся ў падтрымку дыктатуры, не атрымала нічога, акрамя ўдару па сімпатыях беларусаў. Што да Саюзнай дзяржавы, то па факце яе будучыні з Лукашэнкам ніхто не бачыць.

Цікава: у верасні Сіманьян прыязджала на інтэрв'ю да Лукашэнкі, і, здаецца, яны рассталіся сябрамі. І тут раптам — "Расія, выказаўшыся ў падтрымку дыктатуры"!
 

Дзіма.... Анатольевіч... ідзіце на х...й

Заявы ўплывовых расійскіх тэлеграм-каналаў, зразумела, больш вострыя. У тым ліку тых, якія многія звязваюць з расійскімі "вярхамі". Як звычайна, там поўна "зліваў", якія немагчыма праверыць. Па пасылах можна зрабіць здагадкі пра настроі, якія існуюць у "пэўных колах".

Некалькі крыніц у Мінску паведамілі, што старэйшы сын Віктар Лукашэнка не мае намеру ўдзельнічаць у транзіце ўлады і не бачыць сябе кіраўніком дзяржавы, — піша "Незыгарь". — Віктар Лукашэнка прыхільнік цесных адносін з Расіяй, што неаднаразова выклікала канфлікт з бацькам.

Яшчэ адна свежая публікацыя "Незыгаря" — пра ролю бізнесмена Дзмітрыя Мазепіна. Дарэчы, мы расказвалі пра яго магчымыя сувязі з новым беларускім парталам.

— Выхадзец з Беларусі Дзмітрый Мазепін лятае на самалёце з бартавым нумарам M-insk. Мазепін, Казак і Арэшкін дапамогуць Мядзведзеву дамовіцца з Лукашэнкам правесці "мяккі транзіт" улады ў Беларусі

Пацешную, але зусім непраўдападобную версію пра тэлефонную размову Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева прыводзіць "Генерал СВР".

Прэс-службы аб такім дакладна ніколі не напішуць

— У цэлым размова нудная і малаінфарматыўная. Дзмітрыю Мядзведзеву было даручана паспрабаваць даціснуць Лукашэнку па тых пытаннях, па якіх за дзень да гэтага не змог дамовіцца з Лукашэнкам Пуцін пры асабістай сустрэчы ў Сочы. Цікавая канцоўка размовы, калі Дзмітрый Анатольевіч прыступіў да ўгавораў завяршыць трансфер улады ў Рэспубліцы Беларусь ужо да канца гэтага года, як і абяцаў Лукашэнка Пуціну яшчэ ў верасні мінулага года. Далей канцоўка размовы па тэксце: Мядзведзеў: "Аляксандр Рыгоравіч, вы разумееце, наколькі Уладзімір Уладзіміравіч незадаволены тым, як вы не трымаеце слова і не выконваеце ўзятыя на сябе абавязацельствы". Лукашэнка перарывае: "Дзіма... Анатольевіч... ідзіце на х...й. І Уладзіміра Уладзіміравіча з сабой захапіце. А мне ўказваць не трэба. Вы спачатку ў сябе разбярыцеся, а потым парады раздаваць будзеце. Усяго добрага". На гэтым размова была скончаная.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.