Гэта адчувальныя пытанні — Масква і Мінск пакуль не дамовіліся аб цане за газ

Перамовы па цане на газ для Беларусі працягваюцца / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Перамовы па цане на газ для Беларусі працягваюцца / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Перамовы з расійскім бокам аб цане на газ для Беларусі на 2023 год яшчэ працягваюцца, кажа міністр энергетыкі РБ Віктар Каранкевіч. Па яго словах, Мінск своечасова накіраваў у Маскву прапановы "як па фармаванні цаны на газ для Беларусі на 2023 год, так і па прынцыпах стварэння аб'яднанага рынку газу Саюзнай дзяржавы". Каранкевіч нагадаў, што гэтыя падыходы неаднаразова абмяркоўваліся і на ўзроўні экспертаў, і на ўзроўні чыноўнікаў. Але перамовы да гэтага часу працягваюцца.

"Гэта адчувальныя пытанні", — сказаў Каранкевіч і дадаў, што яны "будуць разгледжаныя на самым высокім узроўні".

Сёння ў Мінску чакаюць з візітам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. У пятніцу Аляксандр Лукашэнка казаў, што мерапрыемствы па фармаванні аб'яднанага рынку газу так і не рэалізаваныя, а тэрміны "проста сарваныя". "Хто нясе за гэта адказнасць і як будзем выпраўляць сітуацыю?", пытаўся ён сваіх чыноўнікаў.

Назіральнікі і эксперты мяркуюць, што Пуцін едзе размаўляць з Лукашэнкам у тым ліку і пра верагодна больш актыўны удзел беларускай арміі ў агрэсіі супраць Украіны. Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным відэазвароце учора казаў, што ў Кіеве рыхтуюцца "да ўсіх магчымых абарончых сцэнароў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі