Герасіменя расказала, чаму сышла з Фонду спартыўнай салідарнасці

Аляксандра Герасіменя / Еўрарадыё

Прызёрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя расказала, чаму сышла з Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Гэтая структура з'явілася на фоне пратэстаў, падтрымлівала спартоўцаў і дамагалася санкцый супраць рэжыму, які пераследаваў нязгодных атлетаў. Герасіменя разам з гандбалістам Аляксандрам Апейкіным была сустаршынёй фонду, але ў красавіку 2022 года яна заявіла, што сыходзіць. 

"Па-першае, у мяне паўсталі пытанні наконт празрыстасці фінансавання, і я пачала іх задаваць, але замест адказаў на свае пытанні я атрымала даволі сур'ёзную негатыўную рэакцыю", — патлумачыла яна ў інтэрв'ю "Новай газеце". Другой прычынай яе сыходу стала нежаданне фонду карэктаваць сваю дзейнасць з улікам вайны.

"У сітуацыі вайны мы не можам бегаць і прасіць дапамогі для апальных беларускіх спартсменаў: якая дапамога, калі з тэрыторыі нашай краіны ляцяць ракеты? Або прасіць санкцый супраць беларускага спорту — навошта, калі ўсе санкцыі пасля пачатку вайны ўводзяцца без усялякіх просьбаў?", — кажа Герасіменя. Яна прыводзіць у прыклад сітуацыю ў Польшчы, калі беларускіх дзяцей пасля пачатку вайны папрасілі пакінуць дзіцячыя секцыі.

"І вось уявіце сабе маральны стан гэтых дзяцей. Спачатку яны на радзіме — дзеці ворагаў народа, а праз колькі часу ў іншай краіне — суагрэсары. І я адразу ж уключылася ў гэтую сітуацыю", — кажа Герасіменя. У Польшчы была створана рабочая група, якая занялася вырашэннем гэтага пытання. "І такія рабочыя групы трэба было ствараць у кожнай краіне. Але тут мы не сышліся ў меркаваннях з Апейкіным. Плюс недавер з прычыны фінансавай непразрыстасці —  урэшце, я проста сышла", — тлумачыць яна.

У канцы снежня Аляксандра Апейкіна і Аляксандру Герасіменю ў Мінску завочна асудзілі на 12 гадоў калоніі кожнага. Абвінавачванне палічыла, што дзеянні Герасімені і Апейкіна ў Фондзе спартыўнай салідарнасці нанеслі шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі на сотні тысяч долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.