Вы тут

Герасіменя: пакуль расійскае войска ў Беларусі, мы можам казаць пра акупацыю

Аляксандра Герасіменя / Еўрарадыё

"Два састарэлыя дыктатары — Пуцін і Лукашэнка, дзеля ўтрымання аднаасобнай улады могуць у любы момант развязаць крывавую братазабойчую вайну супраць Украіны і ўкраінскага народа. Цяпер гэта самая галоўная небяспека для нас усіх".

З такой заявай выступіла кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандра Герасіменя. Так яна пракаментавала складаную ваенна-палітычную сітуацыю ў нашым рэгіёне.

Герасiменя звярнулася да беларусаў, украiнцаў і расiян. Яна выказала занепакоенасць вялікай колькасцю расійскіх войскў, якія прыбылі ў Беларусь пад нагодай сумесных вайсковых вучэнняў.

"Пакуль расійскае войска знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, мы можам казаць аб фактычнай акупацыі Беларусі. Суверэнітэт Беларусі ўжо страчаны, баязлівец і хлус Лукашэнка канчаткова здаў Беларусь. Мы, беларусы, павінны гэта сёння прызнаць і неадкладна распачаць кампанію ў абарону незалежнасці і міру", — заклікае спартоўка.  

Герасіменя лічыць, што беларуская дыяспара за мяжой можа адыграць вырашальную ролю ў гэтым працэсе, бо мае "інтэлектуальныя, інфармацыйныя і матэрыяльныя рэсурсы для вызвалення нашай Бацькаўшчыны".

Ад імя спартоўцаў і Беларускага фонду спартовай салідарнасці яна выказвае падтрымку ўкраінскаму народу і абвяшчае пра гатоўнасць зрабіць усё магчымае для абароны свабоды і незалежнасці Украіны. 

"Будзе свабоднай Украіна — зможа стаць свабоднай і Беларусь. Усё залежыць толькі ад нас і нашых дзеянняў", — канстатуе Герасіменя.

Яна заклікае беларусаў, украінцаў і расіян аб'яднацца, каб не дапусціць вайны. Таксама яна лічыць неабходным выказаць падтрымку братняму ўкраінскаму народу, які заўсёды выступаў за свабоду і незалежнасць Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.